Рабочы тыдзень Аляксандра Лукашэнкі

26 июля 2015

У тым ліку і пра падрыхтоўку да выбараў Аляксандр Лукашэнка на тыдні гаварыў на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў працу парламента, падзякаваў за падтрымку закона "Аб амністыі" да 70-годдзя Перамогі і прызначэнне даты выбараў Прэзідэнта. Праз спікера Аляксандр Лукашэнка папрасіў дэпутатаў не ісці на летнія канікулы і ўключыцца ў выбарчую кампанію. Перад выбарамі асабліва важная тлумачальная роля дэпутатаў, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пенсіённы ўзрост у Беларусі павышацца не будзе. У канцы тыдня Кіраўнік дзяржавы запрасіў на размову членаў урада, кіраўніцтва Нацбанка і прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта, каб абмеркаваць выплаты пенсій і дапамог найбольш неабароненым слаям насельніцтва. Штомесяц на гэтыя патрэбы з Фонду сацабароны выдзяляецца без малога 7 з паловай трыльёнаў рублёў. Нягледзячы на жорсткую прывязку росту зарплат да прадукцыйнасці працы і некаторыя цяжкасці з экспартам, Кіраўнік дзяржавы выказаўся аб недапушчальнасці звальнення пенсіянераў і запатрабаваў своечасова і поўна выплачваць пенсіі і дапамогі. Ясна выказаўся Прэзідэнт і на тэму павышэння пенсіённага ўзросту.

І нашы суседзі пакуль не думаюць павышаць пенсіённы ўзрост. Толькі партнёр па Еўразійскім эканамічным саюзе, Казахстан, падняў гэту планку да 58-63 гадоў. А вось на Захадзе да пенсіённага ўзросту стаўленне іншае. У Германіі працуюць да 65-67. За Атлантыкай пенсіённы ўзрост наступае ў 65, у Японіі на 5 гадоў пазней.

У Зімбабвэ з'явіцца адзіны рэгіянальны сэрвісны цэнтр па абслугоўванні беларускай тэхнікі. Такое даручэнне на гэтым тыдні даў Кіраўнік дзяржавы па выніках сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам афрыканскай краіны. Эмерсан Мнангагва ўпершыню ў Беларусі і чакаецца, што гэты візіт можа стаць знакавым ва ўзаемаадносінах дзвюх краін. У дыпламатычных і палітычных кантактах рознагалоссяў няма, а вось эканамічнае супрацоўніцтва трэба пашыраць.

Зімбабвэ можа прапанаваць Беларусі якасную бавоўну і тытунь, яго лічаць адным з лепшых на афрыканскім кантыненце. Таксама краіна вырабляе вялікія аб'ёмы высакаякаснай сталі. Паўднёваафрыканскія партнёры сур'ёзна зацікаўлены развіваць адносіны з Беларуссю ў машынабудаванні, горназдабыўной прамысловасці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы. Нас Зімбабвэ ў першую чаргу цікавіць, як выхад на вялізны рынак усяго афрыканскага рэгіёна.

Мінск стаў сінонімам мірнага ўрэгулявання крызісу ва Украіне. Гэта, дарэчы, словы дзеючага старшыні АБСЕ. На тыдні Івіца Дачыч наведаў нашу сталіцу з візітам. Кіраўніка МЗС Сербіі, гэта балканская краіна зараз старшынствуе ў АБСЕ, прыняў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Палітыкі доўга гаварылі пра роль Беларусі ў АБСЕ, дээскалацыю канфлікту ва Украіне і беларуска-сербскія адносіны. Не абышлося і без крытыкі. Афіцыйны Мінск ужо 23 гады паўнапраўны член АБСЕ. І як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, як і шматлікім іншым структурам, патрэбна рэформа. Інакш страта ўплыву непазбежная.