Пятая інаўгурацыя ў незалежнай Беларусі

8 ноября 2015

Вернемся да заяў Прэзідэнта, а пакуль пра саму цырымонію, якую ўмоўна можна падзяліць на тры часткі - праезд картэжа Кіраўніка дзяржавы, дзейства ў Палацы Незалежнасці і ваенная частка на плошчы Дзяржаўнага флага.

Усё атрымалася наколькі ўрачыста, настолькі і сімпатычна - ад зладжаных дзеянняў матацыклістаў з эскорту, да гімна ўжывую і стройнага "клянуся" ад сотняў вайскоўцаў на вачах у прысутных людзей і Галоўнакамандуючага, які да таго часу ўжо апрануў ваенную форму.

Заўсёды цікава зазірнуць у закуліссе такіх мерапрыемстваў і зразумець, якім чынам удаецца стварыць такі зладжаны механізм складанай і насычанай цырымоніі. Вольга Макей рыхтавалася да мерапрыемства разам з усімі яго ўдзельнікамі. Яе рэпартаж.

Раніца перад самым важным выездам пяцігоддзя. Гэта спецпадраздзяленне "Страла". Усе яны стануць часткай афіцыйнай цырымоніі інаўгурацыі. Прыгожую карцінку, калі матацыклісты суправаджаюць картэж Кіраўніка дзяржавы, усе ўбачаць крыху пазней. За ёй хаваюцца доўгія гадзіны трэніровак. Толькі за адну гэтыя байкеры ў пагонах наязджаюць да 450 кіламетраў. Дарэчы, сярэдняя хуткасць суправаджэння каля 80 кіламетраў за гадзіну. Аднойчы на такім хуткім ходзе беларускаму мотаэскорту нават давялося ратаваць флаг на машыне замежнага прэзідэнта.

Сяргей Жылянін, начальнік службы эскартавання спецыяльнага падраздзялення ДПС "Страла" МУС Беларусі: "Наша падраздзяленне эксклюзіўнае, яно адзінае ў Беларусі займаецца эскартаваннем кіраўнікоў дзяржаў, якія прыбываюць у Рэспубліку Беларусь з афіцыйным візітам. Пры эскартаванні ў нас такі выпадак быў, калі ўпаў флажок на машыне, матацыкліст пад'ехаў і яго паправіў. Госць, які знаходзіўся ў нас у рэспубліцы, зняў гадзіннік з рукі і падарыў яму".

Імідж эскорту - гэта яшчэ і спецыяльнае адзенне. Такі мікс формы роты ганаровай варты і байкерскіх куртак. Пашытая яна са скуры, акрамя прыгажосці важная і бяспека. Падчас язды з ветрыкам ратуе спецыяльны падшлемнік. Дарэчы, максімальная хуткасць, на якую здольныя эксклюзіўныя матацыклы, 260 кіламетраў за гадзіну.

У Палацы Незалежнасці - апошняя падрыхтоўка. Дырыжуе тут усімі рэжысёр, тлумачачы кіраўнікам заканадаўчай і судовай галін улады, чыя прысутнасць прапісана ў Канстытуцыі, сцэнарый цырымоніі. Тым часам дырыжор аркестра наладжвае акустычнае суправаджэнне.

Да нюансаў працы аркестра мы яшчэ вернемся, а ў гэты час пад гукі марша адточвае крокі рота ганаровай варты - пастаянныя ўдзельнікі афіцыйных мерапрыемстваў. Але ў гэтым выпадку на вайскоўцаў груз не толькі адказнасці. Штандар важыць 15 кілаграмаў, а несці яго прыходзіцца фактычна з заплюшчанымі вачамі.

Марш для ўнясення Канстытуцыі, спецыяльныя фанфары на ўваход Кіраўніка дзяржавы і, вядома, гімн краіны - такое музычнае меню інаўгурацыі. Той выпадак, калі імправізацыя не прадугледжана пратаколам, ды і часу на гэта ў аркестра няма. Нават заяву на водпуск хтосьці напісаў у перапынку паміж рэпетыцыямі.

Трубач Юрый змазвае інструмент - абавязковы рытуал перад выступленнем. І, вядома, хвалюецца, але па выкананні гэтага ніхто не заўважыць…

Дырыжор Віктар Бабарыкін, мабыць, адзіны чалавек у гэтай зале, які так і не ўбачыць урачыстасці інаўгурацыі, бо тварам павернуты да аркестра. Затое спінай літаральна адчувае патрэбныя для ўступлення музыкантаў моманты. Вось не паспявае пагаварыць з нашай здымачнай групай. Рэжысёр дае каманду гатоўнасці.

Выязджае і мотаэскорт. Да Палаца Незалежнасці, дзе ўжо гатоўнасць нумар 1, ехаць да 5 хвілін. Вось інтэрв'ю перапыняе каманда з убудаванай у шлем рацыі. Час пачынаць рух. А пыталі, на якой адлегласці матацыклісты рухаюцца ад машыны Прэзідэнта.

Іх не збянтэжыць нават дзясятак тэлекамер, расстаўленых уздоўж праспекта. Прывыклі. Як і прывыклі працаваць плячо ў плячо. У гэтым фігурным катанні пачуццё локця ў прамым сэнсе - адлегласць паміж матацыкламі літаральна ў далонь.

Палац Незалежнасці ў гэты дзень прыняў, мабыць, рэкордную колькасць поціскаў рукі. У зале ўсе, хто зрабіў унёсак у станаўленне незалежнай дзяржавы. І, вядома, тыя, дзякуючы каму пра краіну гавораць ва ўсім свеце - нашы першыя касманаўты, знакамітыя спартсмены, навукоўцы, Героі Беларусі. Многія замежныя госці тут упершыню, таму падоўгу разглядаюць інтэр'еры залаў, фатаграфуюцца і нават спрабуюць падабраць эпітэты на рускай.

Марыяні Т'еры, дэпутат Нацыянальнай асамблеі Францыі, віцэ-прэзідэнт групы сяброўства "Францыя-Беларусь": "Першы раз тут. Вельмі прыгожы. Акрамя таго, Палац - месца знакавае. Асабліва ў святле таго, што тут праходзілі перамовы "нармандскай чацвёркі". Мне вельмі падабаецца!".

З моманту адкрыцця Палаца Незалежнасці самыя важныя падзеі праходзяць тут адна за адной: інтэграцыйныя саміты, гістарычныя візіты прэзідэнтаў і, вядома, сустрэча "нармандскай чацвёркі", дзякуючы якой Палац Незалежнасці ўжо называюць Палацам міру. Таму і месца для галоўнай палітычнай цырымоніі пяцігоддзя выбрана не выпадкова.

Палац Незалежнасці падчас інаўгурацыі б'е рэкорд наведвальнасці. Толькі запрошаных гасцей тут больш за тысячу. А апроч гэтага яшчэ ўдзельнікі цырымоніі, гэта хор, аркестр, рота ганаровай варты і шматлікія іншыя. І, вядома, тыя, хто апіша для чытачоў і пакажа інаўгурацыю для гледачоў. Гэта дзясяткі тэлеаператараў і рэпарцёраў. Дарэчы, на мерапрыемства акрэдытаваліся больш за сотню журналістаў. У гэты дзень працоўным месцам для іх стаў гэты прэс-цэнтр.

За цырымоніяй у Мінску сачылі ад ЗША да Кітая - такая геаграфія рэпарцёраў. Акрамя таго, кадры прамой трансляцыі, якую здымалі ўвогуле каля трох дзясяткаў тэлекамер, атрымлівалі паўсотні краін.

Гэту карцінку ў дзень інаўгурацыі бачылі многія беларусы. У гэты час у тэлевізійным закуліссі трансляцыю каменціруюць вядучыя "Галоўнага эфіру". Дзмітрый Бачкоў і Алена Насачова размаўляюць літаральна на мове жэстаў, бо гаварыць паміж сабою нельга - пачуюць мільёны.

Цырымонія ўступлення на пасаду дакладна прапісана пратаколам. Дарэчы, з моманту выбараў на правядзенне інаўгурацыі два месяцы - такія правілы. У палітычнай падзеі і свае атрыбуты: гэта Дзяржаўны флаг, штандар Прэзідэнта і Канстытуцыя.

Для ўрачыстай клятвы, якую вымаўляе Прэзідэнт, існуе спецыяльны экзэмпляр Канстытуцыі. Гэту кнігу ў літаральным сэнсе гартаюць раз за пяць гадоў. Асноўны закон краіны - у скураной вокладцы з вышытым гербам. Тэкст прысягі адзіны для кожнай інаўгурацыі, ён прапісаны ў 83-м артыкуле Канстытуцыі.

У зале Палаца Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца ў чырвоным гальштуку. Аксесуар такога адцення Кіраўнік дзяржавы для знакавых мерапрыемстваў выбірае нярэдка. Як гавораць спецыялісты, такі колер - сімвал улады, сілы і энергіі. Праходзячы каля гасцей, галоўны герой цырымоніі паспявае паціснуць руку экс-прэзідэнту Украіны Леаніду Кучме і кіраўніку Выканкама СНД Сяргею Лебедзеву. Ужо праз некалькі хвілін ля трыбуны з'яўляюцца галоўныя атрыбуты інаўгурацыі, паклаўшы руку на Канстытуцыю, Прэзідэнт прыносіць прысягу.

Калі падлічыць, то без саюзаў і прыназоўнікаў тэкст клятвы - гэта 30 слоў. А цырымонія прысягі засведчана ў спецыяльным акце. У гістарычным дакуменце Аляксандр Лукашэнка ставіць подпіс, пасля чаго кіраўнік ЦВК уручае пасведчанне Прэзідэнта. Дарэчы, першае такое пасведчанне, як і ручка з інаўгурацыі 1994 года, захоўваюцца ў Музеі беларускай дзяржаўнасці.

Яшчэ адна традыцыя цырымоніі - прамова Прэзідэнта. Фактычна гэта зварот і да ўсіх беларусаў, і да сусветнай супольнасці. У выступленні Аляксандр Лукашэнка робіць дзясятак адступленняў, расстаўляючы акцэнты. А прамову 5 разоў перапыняюць апладысменты. З першымі словамі зноў абраны Прэзідэнт звяртаецца да выбаршчыкаў.

Прамова Прэзідэнта на інаўгурацыі - далёка не фармальнасць. Пра гэта сведчыць і тое, што доўжылася яна 40 хвілін замест запланаваных сцэнарыем 10. Для Беларусі з гэтага дня наступае новы важны этап. Таму для кожнага складальніка жыцця краіны, ці то палітыка, эканоміка або сацыяльная сфера, Аляксандр Лукашэнка расстаўляе прыярытэты. Дзяржава для народа, без ліхіх рэформ і з працягам міралюбнага курсу - гэта стратэгія на будучыню. Фактычна падчас цырымоніі прагучаў меседж для кожнага: і для простых беларусаў, і для ўрада, і для дыпламатаў.

Леанід Кучма, экс-прэзідэнт Украіны: "Галоўнае, што мне спадабалася, тое, аб чым ён гаварыў, ён у гэта свята верыць. Калі ёсць у чалавека перакананне і вера такая, то поспех абавязкова будзе. Калі гаварыць пра Украіну, ведаеце, чаго не хапала - яднання ўсіх палітсіл у галоўным выбраным курсе. Гэта, як дар божы, што кожны год не змяняецца лідар краіны. І што вызначана ў пачатку, яно выконваецца - гэта плюсы Беларусі. Мне было вельмі цікава, калі ён нагадаў, што ў пачатку туманнага юнацтва пасля развалу Саюза ў Беларусі таксама былі спробы падзяліць Беларусь. Ён жалезнай рукой не дапусціў такога працэсу. Так што сёння мы, калі на свет глядзім, разумеем, што краіне патрэбна палітстабільнасць".

Архіепіскап Клаўдыа Гуджэроці, апостальскі нунцый у Беларусі:

"Беларусь - гэта адзіная рэспубліка былога Савецкага Саюза, дзе няма жабракоў. Менавіта гэта першае і галоўнае права чалавека: жыць, працаваць, мець доступ да медыцыны і адукацыі. Я жадаю Аляксандру Лукашэнку захаваць гэта, а свету жадаю разгледзець і прыняць добразычлівасць Беларусі, сяброўства і працавітасць вашага народа. Жадаю адкрыць для сябе сапраўдную Беларусь".

Андрэа Віктарын, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь: "Я упэўнена, што мы будзем актыўна развіваць адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю падчас новага прэзідэнцкага тэрміна… Беларусь і ЕС разам павінны супрацьстаяць глабальным выклікам і пагрозам, больш дынамічна супрацоўнічаць у сферы эканомікі. І я б хацела, каб і Прэзідэнт, і народ, і мы разам адкрылі новыя магчымасці для кожнага".

У кулуарах Палаца Незалежнасці цырымонію інаўгурацыі абмяркоўваюць яшчэ доўга. Госці фатаграфуюцца ў інтэр'ерах, каб пакінуць памяць пра момант, які ўжо стаў гісторыяй і адначасова пачаткам новага этапу для Беларусі. А яго лёс - у нашых руках.