Знакі і сімвалы на сцягах нашай міліцыі

8 марта 2015

Наш карэспандэнт Юрый Шаўчук правёў сапраўднае даследаванне і высветліў, што азначаюць знакі і сімвалы на сцягах нашай міліцыі.

Гэтыя кадры ўжо гісторыя. Атраду міліцыі асаблівага прызначэння ўручаюць сцяг - залаты арол, які атакуе. Выпадак беспрэцэдэнтны: для спецпадраздзялення ўпершыню зрабілі выключэнне і дазволілі абысці шаблон геральдыкі МУС. Да гэтага галоўная эмблема міліцыі - шчыт з мячом на фоне 8-граннай зоркі - вянчаў абсалютна ўсе падраздзяленні ведамства.

Віктар Ляхор, член геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: "Гэта па просьбе іх камандзіраў. Мы заўсёды ідзем насустрач такім падраздзяленням, у якіх існуе ўласная сімволіка. Часцяком яна адрозніваецца ад сімволікі чыноўніцкай або іншай. Гэта такія баявыя хлопцы, у іх сваё братэрства. Свае дэвізы".

Віктар Ляхор - чалавек, які стварае, а калі трэба, і прыдумляе сімволіку для Міністэрства ўнутраных спраў. Менавіта ён у нулявых распрацаваў амаль усе эмблемы для вартавых парадку. У пачатку 2000-х беларускія міліцыянеры хацелі адрознівацца ад сваіх замежных калегаў не толькі формай, але і ўласнымі знакамі адрознення. Тады геральдычны савет правёў манументальную працу. Яе вынікам сталі эмблемы, якімі праваахоўнікі карыстаюцца і сёння.

Віктар Ляхор, член геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: "Геральдыка - гэта навука, кожны сімвал штосьці абазначае. Таму, як правіла, геральдысты тлумачаць, што і як павінна быць. А тыя, хто хоча заснаваць эмблему, - толькі свае пажаданні".

Пазней некаторыя эмблемы толькі дапрацоўваліся. Напрыклад, як гэта было з лагатыпам ДАІ. Некаторыя дагэтуль не разумеюць, чаму айчынную дзяржаўтаінспекцыю сімвалізуе флагман нямецкага машынабудавання. Віктар не хавае: ідэя была асабіста яго. Такім чынам аўтар хацеў зламаць стэрэатып, які звязваў нашу дарожную міліцыю з перажыткамі мінулага.

А гэта эмблема дэпартамента аховы - сава з ключом ад горада ў дзюбе. Найстарэйшы знак у геральдыцы МУС. Мудрая птушка ніколі не дрэмле і ахоўвае спакой насельніцтва. Ад даўніх традыцый да крэатыўных інавацый. Адсечаная галава змяі як сімвал знішчанага зла размясцілася на ўсіх сцягах ГУБАЗ. Маляўнічае ўвасабленне барацьбы са злом намалявана і на эмблеме барацьбітоў з эканамічнымі злачынствамі.

Калі ж звярнуць увагу на гісторыю і зазірнуць гадоў гэтак на 90 назад, то высветліцца, што тады практычна ніякіх знакаў адрознення ў міліцыянераў не было. Першае пазначэнне праваахоўнікі атрымалі ў 1917 годзе дзякуючы вось такому нарукаўніку. Чырвоная павязка з надпісам "міліцыянер" і адбіткам "Мінская гарадская міліцыя", па сутнасці, паклала пачатак усім традыцыям міліцэйскай геральдыкі.

Менавіта з глыбінь гісторыі дзякуючы гэтаму самаму нарукаўніку ў міліцыянераў і з'явілася традыцыя насіць шаўрон на левай руцэ. Тут у музеі МУС можна знайсці тлумачэнне яшчэ аднаму звычаю. Адкуль на грудзях вартавых парадку ўзяўся ідэнтыфікацыйны знак?

Віялета Салодская, дырэктар музея МУС Рэспублікі Беларусь: "Упершыню ў 1922 годзе з'яўляецца форма міліцэйская і геральдычныя сімвалы. Напрыклад, кукарда, якая ўводзіцца для ўсеагульнага нашэння. Акрамя кукарды, кожны супрацоўнік міліцыі меў нагрудны знак".

З нядаўняга часу такі асабісты нумар з'явіўся ў кожнага праваахоўніка. А адчаканілі ўсе серыйныя знакі на гэтым сталічным заводзе па вырабе геральдыкі. Так што, без сумнення, можна сказаць, што з прадуктам гэтага прадпрыемства знаёмыя абсалютна ўсе беларускія вартавыя парадку.

Уладзімір Трафіменка, заснавальнік завода па вырабе геральдыкі: "У нас прайшла вельмі прыгожая і вельмі змястоўная серыя вырабу знакаў для раённых аддзелаў МУС. Праца ўнікальная для Беларусі. І кожны з супрацоўнікаў РАУС мае свой персанальны знак, які мае індывідуальнасць у вырабе".

Працэс вырабу геральдыкі - справа няпростая: спачатку ствараецца так званая матрыца, далей на ёй чаканяць знакі. Пазней узоры трапляюць у цэх афарбоўкі і зборкі. І толькі пасля гэтага эмблема атрымлівае свой звыклы выгляд.

Вось так выглядае ўжо гатовы нагрудны знак МУС. Менавіта такім ён прыязджае з завода па вырабе геральдыкі. А пазней уручаецца праваахоўнікам і ўпрыгожвае не толькі паўсядзённую, але і парадную форму адзення.

Уся адказнасць за змяненні эмблемы кладзецца на плечы камандзіраў аддзяленняў і дэпартаментаў. Так што калі вы ўсё ж задумалі стварыць свой знак, гавораць спецыялісты, то будзьце ласкавыя выканаць усяго адно простае правіла - прайсці геральдычны савет.

Баявая рысь, пільная сава і паражаючы арол. Так або інакш, усё гэта ўсяго толькі знакі. Безумоўна, галоўнае - гэта людзі. Людзі, якія ахоўваюць наш спакой. Гатовыя, нібы рысь, абараняць свае ўладанні і ахоўваць, як сава пад покрывам ночы. Або ў любы момант прыйсці на дапамогу, быццам імклівы арол.