Пытанні бяспекі на тыдні абмяркоўвалі і на вышэйшым узроўні. На нарадзе з прадстаўнікамі сілавых структур Прэзідэнт разгледзеў шэраг крымінальных спраў, якія знаходзяцца ў яго на кантролі. Акрамя таго, былі разгледжаныя аператыўна-следчыя матэрыялы ў дачыненні працы кіраўнікоў рэспубліканскага і мясцовага ўзроўняў, а таксама супрацьпраўных дзеянняў асобных супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілавых структур.
Па выніках нарады Прэзідэнтам быў прыняты шэраг кадравых рашэнняў, якія ў тым ліку датычацца Аператыўна-аналітычнага цэнтра Рэспублікі Беларусь. У сувязі з прэтэнзіямі да іх працы з боку камісіі, створанай па даручэнні Кіраўніка дзяржавы, якая вывучала дзейнасць цэнтра, Прэзідэнтам прынята рашэнне аб часовым адхіленні ад занятых пасад кіраўніцтва і некаторых супрацоўнікаў гэтай структуры да заканчэння расследавання фактаў, прадстаўленых Прэзідэнту.
Пасля заканчэння мерапрыемства журналісты таксама пацікавіліся ў прэс-сакратара Прэзідэнта, ці закраналася на нарадзе сітуацыя вакол гібелі салдата ў Пячах. Як заявіла Наталля Эйсмант, гэтая тэма знаходзіцца на жорсткім кантролі ў Кіраўніка дзяржавы. Адказным асобам Прэзідэнт даручыў разабрацца ў сітуацыі самым дбайным чынам, вывучыць яе да драбнюткіх падрабязнасцяў і прадставіць аб'ектыўны вынік. Кіраўніку дзяржавы літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца аб ходзе аператыўных мерапрыемстваў. Пазіцыя Прэзідэнта ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе.
Сітуацыю пракаменціраваў і Следчы камітэт. У ведамстве агучылі тры асноўныя версіі: забойства, давядзенне да самазабойства і самазабойства. Па справе былі дапытаныя два дзясяткі салдат, якія праходзілі службу ў гэтай часці. Следства прыйшло да высновы, што камандзір аддзялення злоўжываў сваёй уладай.
Рушыла ўслед і рэакцыя Міністэрства абароны. Пяць службовых асоб 72-га Аб'яднанага навучальнага цэнтра знялі з пасад. У тым ліку і камандзіра воінскай часці, дзе праходзіў службу Аляксандр Коржыч. Яшчэ чацвёра ваенных службовых асоб звольненыя з радоў Узброеных сіл.
Нагадаем, 3 кастрычніка ў воінскай часці ў Пячах было знойдзена цела 21-гадовага радавога. Па факце гібелі ўзбудзілі крымінальную справу, дэталі якой, шчыра кажучы, шакіруюць. Следства ўстанавіла, што 17 верасня Аляксандр Коржыч быў адпраўлены ў медчасць з вострай рэспіраторнай інфекцыяй, а выпісаны 26 верасня. Пасля чаго больш за тыдзень радавога тэрміновай службы ніхто не бачыў.
Цела знайшлі ў пятлі з рамяня са звязанымі нагамі і надзетай на галаву суколкай у падвале воінскай часці. Зараз следчыя працягваюць апытваць сведак, сяброў і блізкіх салдата. Прызначаны шэраг экспертыз.













