У гэты дзень Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў. Адной з тэм гутаркі стала цэнаўтварэнне. Лейтматыў - сітуацыя з цэнамі ў Беларусі стабільная і заўсёды ў полі зроку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. А нядаўна з народным кантролем да маніторынгу далучылася Федэрацыя прафсаюзаў. Так што павышаная ўвага да кошту тавараў у магазінах, паводле слоў Прэзідэнта, неўзабаве страціць актуальнасць. Пацверджанне таму - нізкі ўзровень інфляцыі, які атрымліваецца захоўваць з пачатку года.
Тым часам Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю гатовае прапанаваць новы механізм узаемаадносін пастаўшчыкоў і прадаўцоў. Бо сёння ўсё часцей прадпрыемствам даводзіцца сутыкацца з дыскрымінацыяй або з ціскам сеткавых магазінаў. Іх доля на рынку ўжо больш як 60 працэнтаў. Пастаўшчыкам патрапіць на паліцу гіпермаркета ўжо амаль немагчыма. Там альбо гавораць пра тое, што яна выкупленая на год наперад, альбо прапаноўваюць заплаціць за тэсціраванне прадукцыі. А ўсе гэтыя незапланаваныя выдаткі кладуцца на плечы пакупнікоў і аплачваюцца з нашых кашалькоў.
Пра гэта вытворцы пішуць на адрас рэгулятара і просяць дапамагчы прадавацца ў беларускіх магазінах. МАРГ пачаў сваё расследаванне фактаў ціску пры падпісанні дамоў пастаўкі. І першым крокам стала вялікая сустрэча ў міністэрстве з прадстаўнікамі бізнесу, вытворцамі і кіраўніцтвам буйных магазінаў.
У якасці пілотнага праекта вызначана Аршанскае імпартазамяшчальнае прадпрыемства "Салодкая краіна", дзе паэтапна паглядзяць, як фарміруюцца і складаюцца дамовы на прысутнасць тавару ў гандлёвай зале. МАРГ выступае за роўныя стартавыя магчымасці для ўсіх удзельнікаў рынку незалежна ад формы ўласнасці і адкрыты доступ да ўмоў і крытэрыяў адбору прадукцыі на паліцы магазінаў. Навацыі плануюць замацаваць і ў законе "Аб гандлі", вырашаючы самае галоўнае пытанне - абароны пастаўшчыкоў ад дыскрымінацыі гандлёвых сетак і захавання канкурэнцыі ў гандлі.













