Прэзідэнт выказаў выразную пазіцыю па самых вострых памежных пытаннях

22 января 2017

Асноўныя сакрэты таго, як і якімі сіламі - тэхнічнымі і людскімі - будуць абараняць межы, нам, натуральна, не распавялі: гэта дзяржаўная таямніца і ўмова эфектыўнай барацьбы са злачыннасцю ўсіх відаў. Але па самых вострых памежных пытаннях Прэзідэнт выказаў выразную пазіцыю.

Па-першае, гучны бязвізавы на 5 дзён уезд у Беларусь гасцей з 80 краін Еўропы і свету. Хто лётаў – ведае: наша паветраная гавань - самая бяспечная брама ў Беларусь. Тэхналогіі праверкі, камп'ютарызацыя, кантроль дакументаў, асобы і багажу - толькі лепшы сусветны вопыт. Рашэнне рыхтавалі 1,5 года, узгаднялі з усімі зацікаўленымі, уключаючы Расію. Якое ж было расчараванне, калі менавіта расійскія - возьмем у двукоссе - "эксперты", "спікеры" і "журналісты" ўзяліся ганіць рашэнне і вінаваціць нас у грэбаванні пытаннямі абароны саюзнай прасторы.

Парадокс яшчэ і ў тым, што няўзгодненымі рашэннямі грашыць менавіта саюзнік. Задоўга да нашай візавай лібералізацыі Расія ўвяла на ўнутранай саюзнай мяжы праверку пашпартоў для замежнікаў. Фактычна яна закрыла для іх палову дарог і пунктаў уезду з Беларусі ў Расію. Але гэта расійская справа. Ім лепш ведаць, як абараняць сваю тэрыторыю. Але тады наша справа, як бяспечна і спакойна прымаць гасцей у сябе.

Другое рэзананснае пытанне па мяжы - цэнтры часовага ўтрымання для нелегальных мігрантаў. Еўрасаюз пакуль толькі паабяцаў вылучыць на іх невялікую суму - 7 мільёнаў еўра. Першымі пра гэта паведамілі нямецкія журналісты. Наш МЗС і МУС пацвердзілі. І зноў - смута ў расійскай публічнай прасторы і Інтэрнэце. Заклапочанасць дайшла нават да расійскага МЗС. Усё ад фальсіфікацый і накруткі.

Разбярэм даслоўна і літаральна. Першае: цэнтры - гэта НЕ лагеры для бежанцаў. Гэта невялікія на 30-50 чалавек хостэлы або міні-гасцініцы, хай і закрытага тыпу пад аховай МУС. Ніякіх дзікіх фавел і джунгляў, а па-нашаму баракаў. Чалавечыя ўмовы для мігрантаў.

Другое. Часовае ўтрыманне значыць, што нелегалы знаходзяцца ў цэнтрах толькі да рашэння аб статусе або экстрадыцыі. Паводле нашых жорсткіх правіл і вопыту, гэта ад пары сутак да пары месяцаў. Значыць, ніякіх адстойнікаў на гады наперад. З усімі наступнымі заганамі: этнічнай злачыннасцю, бунтамі, прарывамі меж і ксенафобіяй у грамадстве ў адказ. Тут вам не Кале або венгерскае прымежжа. Усё будзе цывілізавана.

Трэцяе - адкуль мігранты? Ніякага экспарту нелегалаў з Еўрасаюза ў Беларусь. Хворая фантазія ўжо намалявала саставы, набітыя няшчаснымі, накшталт трагедыі Другой сусветнай, калі ў Трасцянец звазілі ахвяраў халакоста з усёй Еўропы. Гэтага не будзе. Занадта добра мы памятаем урокі гісторыі. Ды і свежыя ўрокі міграцыйных бунтаў у Францыі, Германіі, Аўстрыі, Грэцыі і Італіі перад вачыма.

Нелегалы будуць выключна НАШЫ. Тыя, каго затрымалі айчынныя пагранічнікі, і тыя нешматлікія, хто змог патрапіць ў Еўрасаюз з нашай тэрыторыі. Дарэчы, мы за гэтых людзей адказвалі і раней. Затрымлівалі, прымалі, высвятлялі асобы, высылалі на радзіму. У міграцыйным законе гэта завецца рэадмісія. Справа дарагая і клапотная. Да нядаўняга Еўрасаюз, чыю мяжу мы па факце закрываем, нам грашыма амаль не дапамагаў. 7 мільёнаў еўра на цэнтры - першая сур'ёзная інвестыцыя ў агульную бяспеку.

Г.зн. здагадкі пра лагеры і экспарт мігрантаў - хлусня ад пачатку і да канца. Альбо правакацыя. Вось пазіцыя Прэзідэнта.

І яшчэ. Паспешлівыя каментатары ўгледзелі ў гуманным жэсце Беларусі вялікую палітыку. Маўляў, Беларусь разгортваецца на Захад, а фінансаваннем цэнтраў Еўрасаюз дабрадзейнічае і далучае нас да сваёй палітыкі. Гэта лухта. Не Еўрасаюз патрабуе адкрыць цэнтры, а мы патрабавалі і дамагліся ад чыноўнікаў Бруселя салідарнай адказнасці і грошай на ўмацаванне агульнай мяжы. Прычым дамагаліся гэтага 13 гадоў!

Нагадаем для непамятлівых. 26 мая 2004 года першая сустрэча Прэзідэнта з тады генсакам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі Брансанам МакКінлі. Сёння тая сустрэча гучыць абсалютным вяшчунствам. Аляксандр Лукашэнка заяўляе: ад агрэсіі ў Афганістане і Іраку праз Беларусь штогод спрабуюць прарвацца да 150 000 мігрантаў, уключаючы ўсю Сярэднюю Азію і шырэй СНД. Беларусь закрывае мяжу ў адзіночку. Калі ЕС і МАМ не дапамогуць, міграцыйны вал прадзярэ кардоны, і Еўропа не толькі заплаціць у сотні разоў больш, чым дапамога Беларусі, але яшчэ і атрымае плён сацыяльнага канфлікту, ксенафобіі і тэрору.

Цалкам дакладны аналіз Прэзідэнта, які, на жаль, здзейсніўся на 100%. Вас папярэджвалі. Еўрасаюз пераконвалі абысціся малымі выдаткамі. На шчасце, Беларусь выдужала. Але праз 10 гадоў прарваліся паўднёвыя межы ЕС. Развярнулі Туніс, Лівію, Сірыю, Егіпет, Емен і Самалі. Мільёны нелегалаў патрапілі ў Еўропу. Росквіт ксенафобіі, радыкалізму, папулізму і страшныя атакі хатніх і прышлых тэрарыстаў. І зноў - вас жа папярэджвалі. Атрымліваецца, 13 гадоў запатрабавалася Еўрасаюзу, каб прызнаць правасць Беларусі і сур'ёзна заклапаціцца пра памежную бяспеку.