МВФ ацаніў страты сусветнай эканомікі ад карупцыі. Два трыльёны долараў, а гэта 2 % сусветнага ВУП. Нейкія фантастычныя лічбы, а ўсяму віной - звычайныя хабары. Прычым кіраўнік арганізацыі Крысцін Лагард ясна намякнула, што гэтыя звесткі - толькі вяршыня айсберга.
Тым часам барацьба з карупцыяй застаецца актуальным пытаннем і для нашай краіны. Пра гэта нагадаў Прэзідэнт, калі прызначаў адразу двух новых кіраўнікоў сілавога блока. Аператыўна-аналітычны цэнтр на гэтым тыдні ўзначаліў Андрэй Паўлючэнка. Ён раней быў начальнікам службы бяспекі Прэзідэнта. Гэтую вакантную пасаду зараз заняў яго былы намеснік - Дзмітрый Шахраеў. Абедзве структуры нацэленыя на пытанні як знешняй, так і ўнутранай бяспекі. Якраз з разліку на эфект спайкі і адбылося прызначэнне кіраўнікоў, якія добра ведаюць нюансы працы абедзвюх службаў.













