Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Ашчадбанка Расіі Германам Грэфам

21 июля 2019

Падставай пагаварыць на фінансавыя тэмы на тыдні стала і сустрэча Прэзідэнта з кіраўніком Ашчадбанка Расіі Германам Грэфам. Банкір часта бывае ў нашай краіне: на беларускім рынку  ўжо 10 гадоў дзейнічае даччыная структура - БПС-Сбербанк. У цэлым супрацоўніцтва плённае. Пазітыўна аб працы гэтай расійскай фінансавай структуры ў Беларусі выказаўся і Аляксандр Лукашэнка.

"Удзячны вам за тое, што працягваеце працаваць у Беларусі пры ўсіх праблемах у Расіі, у Беларусі. Тым не менш вы трывала стаіце на нагах. Бачу, што фізічных асоб сталі больш крэдытаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.  Пры ўдзеле Ашчадбанка працягваецца і крэдытаванне эканомікі  Беларусі.

"Ідзе крэдытаванне эканомікі. Тэмпамі, хутчэйшымі за інфляцыю. Але паколькі ў банках ёсць ліквіднасць - і ў Расіі, і ў Казахстане, і ў Беларусі, то яны, безумоўна, гэтую ліквіднасць накіроўваюць на крэдытаванне насельніцтва. Галоўнае, каб у разумных межах", - растлумачыў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Павел Калаўр, які прысутнічаў на сустрэчы.

Ашчадбанк - важны гулец на беларускім фінансавым рынку. Адзін з найбуйнейшых замежных інвестараў. Праца структуры такога ўзроўню ў Беларусі - добрае пацверджанне прывабнасці для замежнага капіталу. Зараз банк робіць стаўку на развіццё высокіх тэхналогій. Паводле слоў Грэфа, у Расіі ў гэтую сферу штогод інвестуюць каля двух мільярдаў долараў. Абмяркоўвалася, што можна зрабіць у галіне новых тэхналогій сумесна.

Герман Грэф, старшыня праўлення ПАТ "Ашчадбанк Расіі": "Мы мелі такую складанасць, як эканамічны хвост пасля папярэдняга крызісу. Але за апошні год мы сур'ёзна выправілі сітуацыю, і зараз наш бізнес уваходзіць у звычайную рэгулярную сістэму. Таму мы дамовіліся аб тым, што мы на працягу наступнага года будзем асаблівую ўвагу надаваць трансферу тэхналогій на беларускі рынак, будзем тут развіваць новую прадуктовую лінейку і новыя тэхналогіі".