Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў Балбасава

4 ноября 2018

Ёсць асаблівая фінансавая адметнасць на будучым тыдні. Мінус адзін працоўны дзень за кошт чырвонай даты ў календары: будзем адзначаць 7 Лістапада.

Пасля распаду Саюза краіны постсавецкай прасторы адмовіліся ад святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі на дзяржузроўні. У Беларусі гэтую традыцыю захавалі, запазычалі лепшае - чаму не? Гэта наша гісторыя. Так склалася, што да гэтага дня ў Беларусі прынята рабіць падарункі.

Памятаеце? Як раней - да гэтай даты ў краіне заўсёды імкнуліся прымеркаваць адкрыццё важных і значных для людзей аб'ектаў: ад сацыяльных да вытворчых. Свайго роду падвядзенне вынікаў зробленага за год. І 2018 не стаў выключэннем. Тыдзень лістападаўскіх падарункаў стартаваў у Віцебску. Для некаторых аб'ектаў гэта будуць даты з'яўлення на свет, а вось для Віцебскага футравага, па сутнасці, другое нараджэнне.

Адкрыццё абноўленага камбіната - гэта працоўныя месцы і сур'ёзная заяўка на развіццё сучаснай футравай вытворчасці ў краіне. Бо гэта адзінае прадпрыемства ў Беларусі, якое спецыялізуецца на перапрацоўцы вялікага асартыменту пушніны, аўчыны і каракулевай сыравіны.

Завод з гісторыяй - пачаў працаваць яшчэ больш як 40 гадоў таму, але да сярэдзіны 2000-х камбінат прыйшоў у заняпад. Старое абсталяванне не дазваляла канкурыраваць на рынку модных трэндаў. Дзякуючы ўказу Прэзідэнта ў 2013 Віцебскі футравы за адну базавую прадалі кампаніі "Марка", але з жалезнай умовай: зрабіць сучасную і эфектыўную вытворчасць.

Абнаўленне камбіната стала падарункам для рэгіёна ў першую чаргу і ў цэлым - для краіны. Бо так важна было захаваць  лепшыя беларускія школы, спецыялістаў, развіваць тэхналогіі. З адкрыццём абноўленага камбіната падгадалі да чырвонага дня ў календары - у лепшых традыцыях лістападаўскіх свят.

Адкрыцця прадпрыемства віцебскія спецыялісты чакалі некалькі гадоў. Зараз камбінат працуе па поўным вытворчым цыкле. Гэта датычыцца вырабу сыравіны, пашыву, продажу футраў, кажухоў і аксесуараў. Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі на прадпрыемстве, пагутарыў з супрацоўнікамі, цікавячыся тонкасцямі ўнікальнай вытворчасці.

У цэлым беларускі гарбарна-абутковы холдынг функцыянуе нармальна, неўзабаве на бясстратную працу пасля мадэрнізацыі павінен выйсці і футравы камбінат. Акупіць вытворчасць плануюць за 7 гадоў. 300 000 штук аўчыны і 250 000 шкурак пушніны  - столькі сыравіны за год камбінат зможа перапрацоўваць. Па даручэнні Прэзідэнта, на кантролі ўрада павінна быць пытанне забяспечанасці сыравінай. Выкарыстоўваюць і айчынную, і імпартную. Бізнес, які працуе на карысць людзей і краіны, заўсёды можа разлічваць на падтрымку дзяржавы. Таму ішла размова аб тым, каб частку крэдытных сродкаў, якія вылучаныя беларускаму боку Кітаем, накіроўваць не толькі ў маштабныя праекты, але і на падтрымку разумных прыватнікаў.

Першыя прымеркі футравых вырабаў прайшлі ў цэхах. Усю лінейку абноўленага камбіната можна было ўбачыць на модным паказе - такі наладзілі на прадпрыемстве. Вопратка з норкі, лісы і каракулю, футры-трансформеры, двухбаковыя паліто, мужчынскія варыянты. Прадукцыя - на любы густ! Трэба браць!

Апошнія некалькі месяцаў гэты пасёлак пад Оршай больш нагадваў адну вялікую будпляцоўку. У рабоце было адразу некалькі дзясяткаў аб'ектаў. Зрабіць Балбасава камфортным і зручным для жыцця - даручэнне Прэзідэнта і… мара мясцовых жыхароў. Праца кіпела, бо ўлетку Аляксандр Лукашэнка праехаў па мястэчку і паабяцаў пабываць на лістападаўскія - асабіста ўпэўніцца, што ўсё атрымалася! Такія пасёлкі - узор, па якім у найбліжэйшы час прывядуць у парадак усё ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка праходзіць цэнтральную вуліцу пешшу. За Кіраўніком дзяржавы, здавалася, ішоў ўвесь гарадок. Некаторыя не адставалі ні на крок! Гэтыя месцы Прэзідэнту добра знаёмыя, бо сам хлапчуком прыязджаў сюды па марожанае - дзеля ласунку ездзіў за некалькі кіламетраў на веласіпедзе. Сёння мясцовы гандаль - гэта ўжо дзясятак магазінаў крокавай даступнасці. Хіба што кафэ не хапае.

Што адразу кідаецца ў вочы? Прыкметна падцягнулі бытавыя ўмовы і сацыялку. Вялікая перабудова закранула мясцовую школу. Будынку 35 - нямала! І хоць рамонт працягваўся і ўсю першую чвэрць, нязручнасці не перашкаджалі вучням, бацькам, педагогам.

Умовы дазваляюць гадаваць і развіваць дзяцей. Напрыклад, мясцовы стадыён пасля дапрацоўкі можа стаць базай для спартыўнай школы.

Абнавілася Балбасаўская ўчастковая бальніца. Прыём тут вядуць урач агульнай практыкі, гінеколаг, стаматолаг, педыятр. Працуе физіякабінет. Бальніца разлічаная на 100 наведванняў за змену. Ёсць стацыянар.

У Балбасаве паўсотні шматкватэрных дамоў. Амаль палову з іх адрамантавалі, 5 - абнавілі капітальна. У дварах з'явіліся паркавальныя месцы. А ўздоўж дарог - тратуары. Дробязі, якія непрыметныя, калі яны ёсць, але без якіх жыццё ператвараецца ў сапраўдную паласу перашкод.

Свой выгляд здабыла галоўная вуліца пасёлка. Яна носіць імя першага двойчы Героя Савецкага Саюза Сяргея Грыцаўца. Ас пахаваны ў Балбасаве. Зараз фасады пяціпавярховікаў на вуліцы Грыцаўца ўпрыгожваюць банеры з партрэтамі пяці лётчыкаў, чыё жыццё было звязанае з Аршаншчынай. Гэта ўрок памяці ў першую чаргу для тых, каму самалёты пакуль сняцца, - дзяцей. Праўда, яны пакуль больш радуюцца вось такім яркім сучасным гульнявым пляцоўкам.

Цэнтр культурнага жыцця, як у савецкія гады - Дом афіцэраў - сёння Дом культуры. Кіно, гурткі, канцэрты. Пад дахам ДК працуюць 14 творчых калектываў. Самым маленькім артыстам 4 гады, а прызнаным майстрам балбасаўскай сцэны ўжо за 80.

Пасля рамонту рэпетыцыйныя пакоі складана пазнаць. Новая мэбля, інструменты, на сцэне з'явілася заслона, а ў вялікай зале - крэслы для гледачоў. А гэта мара шматлікіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця - трэнажорная зала з сучасным абсталяваннем.

Чаго чакалі больш за ўсё, дык гэта, мабыць, станцыю абезжалезвання. Чыстая вада была галоўнай праблемай у пасёлку. Утрыманне жалеза перавышала норму ў шэсць разоў. Пачалі ў красавіку, будавалі з нуля. Дорага. Але якасць жыцця амаль чатырох тысяч жыхароў даражэйшая.

Аб тым, як усе гэтыя намаганні цэняцца, мясцовыя жыхары скажуць асабіста свайму Прэзідэнту. Менавіта са слоў падзякі пачынаюць размову насельнікі мястэчка. Балбасаўцы не чакалі такой пільнай увагі да іх пасёлка.

Завяршаць добрую справу да лістападаўскіх свят - традыцыя, ад якой Беларусь не адмовілася. А ўладкаванне мястэчка - менавіта такая вялікая справа для малой радзімы балбасаўцаў.

З буйных вытворчасцяў у Балбасаве - Аршанскі авіярамонтны. Корміць пасёлак дзве трэці калектыву - жыхары былога ваеннага гарадка.

У гэтых цэхах даюць другое жыццё вінтакрылым машынам. На аршанскім заводзе рамантуюць усе віды верталётаў, у тым ліку і знакамітыя лятаючыя танкі Мі-24. Нерытмічная праца па заказах, дэфіцыт запчастак, закрэдытаванасць. Гэта вынік невыканання ранейшым фундатарам сваіх абавязацельстваў. Улетку Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб пераходзе авіярамонтнага завода ў дзяржуласнасць. Сёння ў прадпрыемства выразная праграма мадэрнізацыі і рэальныя перспектывы выхаду з турбулентнасці.

Побач з заводам ідзе рэканструкцыя ўзлётна-пасадачнай паласы. Становішча было крытычнае - пакрыццё зношанае, вытрымае хіба што верталёты. А задача - працаваць з рознымі класамі паветраных суднаў, у першую чаргу - грузавымі. Як прасоўваецца праца на ўзлётцы, заехаў паглядзець Прэзідэнт.

Паблізу ў тэмпе ідзе будаўніцтва буйнога мультымадальнага прамыслова-лагістычнага цэнтра. Беларускі фундатар "Брэміна-Груп" разлічвае завяршыць тут праект да 2023 года.

Паэтапнае развіццё Аршанскага рэгіёна як найбуйнейшага прамыслова-лагістычнага цэнтра на ўсходзе Беларусі - такой бачыцца будучыня гэтага кутка зямлі. Але дзяржаве нецікавы бізнес дзеля бізнесу. Важна, што ён можа даць людзям. За любой эканомікай заўсёды трэба бачыць чалавека. У гэтым  выпадку - гэта новыя працоўныя месцы і новыя гарызонты ў жыцці малых гарадоў. Будзе праца - будуць жыць людзі.

Сёлета пасёлку Балбасава, былому ваеннаму гарадку, спаўняецца 90 гадоў! Маёр запасу, экс-штурман эскадрыллі Іван Рагавулін добра памятае яшчэ той час, калі мястэчка і назвы не мела - толькі парадкавы нумар 20. У савецкія гады тут знаходзіўся полк далёкай авіяцыі. Сюды на службу ён прыехаў у 23 гады. Мястэчка расло на яго вачах. Але такіх маштабных перамен, як зараз, не ўзгадае. З такім падыходам і ўмовамі не трэба будзе ўгаворваць моладзь заставацца на сваёй малой радзіме.

Бамбардзіроўшчык Ту-16 у цэнтральным скверы Балбасава - памяць і сімвал мястэчка. Дарэчы, знакаміты авіяканструктар Андрэй Тупалеў гаварыў, што прагрэс авіяцыі забяспечваецца калектыўнай працай людзей. А гэта ж не толькі пра авіяцыю. Разам па сілах зрабіць месца, дзе жывеш, лепшым. Так, імкнуцца да свята - а застаецца на доўгія гады.