Праваслаўныя сёння адзначаюць Вялікдзень

1 мая 2016

Па традыцыі тысячы беларусаў сустракалі гэты ўрачысты момант у малітве ў храмах па ўсёй краіне. Галоўнае набажэнства адбылося ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Яго ўзначаліў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Традыцыйна служба пачалася з хрэснага ходу. З раніцы боскія літургіі праходзяць у храмах па ўсёй краіне. Наперадзе тыдзень, у якім кожны дзень светлы.

Праваслаўных са святам павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "У такія імгненні мы з асаблівай вастрынёй адчуваем неабходнасць яднання, узаемнай падтрымкі, захавання духоўных каштоўнасцяў, імкненне адрадзіць і прымножыць багатыя традыцыі нашага народа", -- гаворыцца ў віншаванні.

Сам жа Кіраўнік дзяржавы ў гэты дзень па традыцыі наведвае храм. Кожны год - розныя рэгіёны. І вось сёння гэта Спаса-Праабражэнская царква на малой радзіме Прэзідэнта - у Шклове.

Аляксандр Лукашэнка нарадзіўся недалёка - у гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна. Сёння ён агледзеў святочнае ўбранне царквы. Разам з сынам Мікалаем папрысутнічаў на велікодным набажэнстве і пад святочныя спевы паставіў свечку ля абраза Божай Маці "Спаталі мой смутак".

Далей таксама хрысціянская традыцыя - абмен падарункамі. Архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній падарыў Прэзідэнту абраз. У адказ Аляксандр Лукашэнка паднёс храму ікону "Мікола з палеоснымі святымі: Міхаіл і Еўфрасіння". Кіраўнік дзяржавы павіншаваў вернікаў, якія сабраліся ля царквы, і ўсіх беларусаў са святам і заклікаў адказна працаваць на сваіх месцах дзеля агульнай справы.

Усім вернікам Прэзідэнт пажадаў міру, моцнага здароўя і ўсмешак. Жыхарам Шклова Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за ідэальны парадак.