Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту - галоўны грамадска-палітычны дыялог года

21 апреля 2019

"У пытаннях суверэнітэту і бяспекі ў нашай знешняй і ўнутранай палітыцы не было і не будзе месца кампрамісам", - менавіта з гэтай цытаты Прэзідэнта мы хацелі б адкрыць сённяшні нядзельны эфір і менавіта гэтыя словы вынесці ў прэамбулу Паслання-2019 Кіраўніка дзяржавы народу і парламенту. Растлумачым свой выбар.

Так, Пасланне традыцыйнае. Замацавана ў Канстытуцыі і з'яўляецца штогадовым. Але сёлета ў найважнейшых тактычных тэзісаў асаблівы стратэгічны прыцэл. Па-першае, Асноўнаму закону і інстытуту прэзідэнцтва чвэрць стагоддзя, а гэта стратэгічны адрэзак. Па-другое, нам здалося, што звяртаўся Прэзідэнт да якасна новага грамадства і гаварыў пра якасна новую дзяржаву.

Першая суверэнная дзяржава беларусаў - гэта факт. І ў гэтай дзяржаве ўжо падрасло і стала на ногі першае вялікае пакаленне грамадзян, якія нарадзіліся ў незалежнай краіне. Тыя, каму не трэба тлумачыць і даказваць каштоўнасць самастойнага і адказнага выбару будучыні – сваёй і сваіх дзяцей.

Хто б што ні гаварыў унутры і па-за Беларуссю, гэта здаровае грамадства з моцным імунітэтам да навязанай ідэнтычнасці і чужой волі. Самі сабой хочам, умеем і гатовыя кіраваць. Не з нуля. З апорай на дзяржаву, эканоміку, культуру, традыцыі і асновы, якія па-гаспадарску, па макулінках сабралі за чвэрць стагоддзя. Паслухайце, як шчыра і эмацыйна гэта прагучала ў пятніцу ў Авальнай зале.

Вось так шчыра і па справе. Адсюль і яркая рэакцыя Авальнай залы. Дарэчы, у ёй на гэты раз былі амаль 4,5 сотні чалавек, а дзякуючы тэле- і радыётрансляцыі, сетцы Інтэрнэт, цытатам і перапостам Пасланне пачулі дзясяткі мільёнаў. Сярод іх знайшліся і тыя, каму суверэннасць беларускай пазіцыі не падабаецца.

Зразумела, Пасланне Прэзідэнта Беларусі - падзея, якая выходзіць за рамкі нашай краіны, і рэакцыя на некаторыя тэзісы прыйшла з самых розных краін. Прычым, часам не зусім адэкватная, у тым ліку і з Расіі.

Ужо колькі разоў ставілі кропкі над i ў пытанні незалежнасці Беларусі, колькі запэўненняў з усходу гучала, што, маўляў, у нас і думак няма, але час ад часу ўзнікае хваравітая рэакцыя на нашы напаміны аб тым, што Беларусь - гэта суверэнная краіна, якія інтэграцыйныя працэсы мы б не падтрымлівалі. І вось учора на суботніку Аляксандр Лукашэнка астудзіў гарачыя галовы.

Як тут не ўспомніць народную мудрасць "відаць па вачах, хто ходзіць па начах". Або на мове маладога пакалення больш лаканічна - спаліліся. Але вернемся да галоўнага грамадска-палітычнага дыялогу года - Паслання.

Мы не абмовіліся - менавіта дыялогу. Па змесце гэта была канцэнтрацыя асноўных ідэй, якія ўлада і грамадства выпрацоўвалі сумесна. Напрыклад, на "Вялікай размове" журналістаў і экспертаў з Прэзідэнтам - ад інфармацыйнай бяспекі да праблем маленькіх вёсак. На буйных нарадах - у Баранавічах, напрыклад, дзе падрабязна абмеркавалі праграму развіцця буйных гарадоў-райцэнтраў. А былі яшчэ сустрэчы з айцішнікамі, навукоўцамі, аграрыямі, бізнесам, суддзямі і сілавікамі. Усе яны леглі ў аснову штогадовага Паслання.