Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту

3 мая 2015

Найважнейшая палітычная падзея вясны, якую вось ужо які дзень шырока абмяркоўваюць і СМІ, і чыноўнікі, і бізнес, і простыя людзі.  Сёння гэта цэнтральная тэма нашай праграмы. Як пражылі год мінулы, чым дыхаем сёння, куды будзем рухацца заўтра - арыенцір для грамадзян, настольная кніга для чыноўнікаў, сігнал для бізнесу. Выступленне доўжылася 2 гадзіны 40 хвілін і прагучала як праграма дзеянняў - абсалютна канкрэтная, як заўсёды адкрытая, якая не ўтойвае ўсіх праблем, але і не змяншае дасягненняў.

За час Паслання прамова Прэзідэнта перапынялася апладысментамі 14 разоў. У выступленні Кіраўнік дзяржавы даў амаль паўтара дзясятка прамых даручэнняў ураду, адміністрацыі Прэзідэнта, Нацбанку і іншым ведамствам. Пра іх мы пагаворым крыху ніжэй. Аляксандр Лукашэнка каля 30 разоў адыходзіў ад тэксту, імкнучыся растлумачыць тую або іншую тэму або прывесці прыклады.

Дарэчы, зварот Прэзідэнта  - гэта не толькі прамая прамова, але і адказы на пытанні дэпутатаў. Прэзідэнта пыталі пра эканоміку, знешнюю палітыку, праблемы сяла, культуры. Выступленне Аляксандра Лукашэнкі як заўсёды было яркім, слухалася на адным дыханні.

За размовай Прэзідэнта з парламентарыямі пільна сачыла інтэрнэт-супольнасць. У папулярнай сетцы міикраблогаў Twitter прэзідэнцкаму пасланню быў прысвечаны традыцыйны хэштэг #agl29. У беларускіх карыстальнікаў Twitter удалося вывесці яго ў топ самых папулярных лакальных тэм сацсеткі. На некаторы час хэштэг #agl29 і зусім выйшаў у глабальныя трэнды Twitter. Хэштэг - гэта кароткая фраза, якая выкарыстоўваецца ў сацыяльных сетках, каб аб'ядноўваць паведамленні, прысвечаныя пэўнай тэме.

 

Мір, незалежнасць, развіццё роднай Беларуси - гэтыя словы сталі лейтматывам усяго Паслання, пачатак якога быў прысвечаны як раз тэме міру, які  апошнія гады стаў асабліва нестабільным. Але мы аналіз звароту пачнём з эканомікі.

Эканамічны блок паслання атрымаўся адным з самых насычаных. Тут, як прынята гаварыць, усё было раскладзена па паліцах. Прычыны праблем пазначаны, іх наступствы агучаны, шляхі выхаду з сітуацыі акрэслены, нават канкрэтныя задачы перад эканамічным блокам пастаўлены. Іх, глабальных, 10. Гэта:

 

1.Эфектыўнае кіраванне эканомікай.

2.Удасканаленне  кантролю над эканомікай.

3. Зніжэнне інфляцыі.

4. Эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў.

5. Антыманапольная і канкурэнтная палітыка.

6. Спрыяльны бізнес-клімат.

7. Развіццё фінансавых рынкаў і прыцягненне капіталу.

8. Дыверсіфікацыя экспарту.

9. Новыя падыходы да развіцця сельскай гаспадаркі і жыллёвага будаўніцтва.

10.Павышэнне прававой культуры ў эканоміцы.

 

Закранаючы прычыны эканамічных праблем у Беларусі, Прэзідэнт называе санкцыі супраць Расіі, падзенне цэн на нафту, падзенне расійскага рынку і дэвальвацыю расійскага рубля.

Гаворачы аб эфектыўным кіраванні  эканомікай, Прэзідэнт патрабуе ад урада распрацаваць пакет нарматыўных дакументаў аб падзеле функцый дзяржавы як уласніка і як рэгулятара.

Зараз вяртаемся да гэтых  10 задач. 

Тут і павышэнне эфектыўнасці кіравання эканомікай, зніжэнне інфляцыі, стварэнне спрыяльнага бізнес-клімату, дыверсіфікацыя экспарту, развіццё фінансавых рынкаў і прыцягненне капіталу, павышэнне прававой культуры ў эканоміцы.

Хочам звярнуць увагу на адно жорсткае патрабаванне Прэзідэнта. Прадпрыемствам павінен кіраваць дырэктар, а не праваахоўныя органы. Сігнал і сілавому блоку, і  бізнесу  - першыя не павінны перашкаджаць працаваць другім. 

Яшчэ крыху аб даручэннях, якія Аляксандр Лукашэнка раздае прама ў Авальнай зале і ўраду, і Нацбанку. Кожнае з іх выцякае з тых самых 10 глабальных задач. Эканамічнаму блоку ўжо ў найбліжэйшы час трэба будзе:

арганізаваць працу па рэструктурызацыі неплацежаздольных вытворчасцяў з прыцягненнем інвестараў, увесці мараторый на рост падатковых ставак, скараціць выдаткі вытворчасцяў (галоўны механізм барацьбы з інфляцыяй), абнавіць механізм аказання дзяржпадтрымкі прадпрыемствам, узмацніць падатковую і антыманапольную службы, унесці прапановы па вяртанні з ценю капіталаў, пашырыць экспартны кошык за кошт высокатэхналагічных тавараў.

Тут Прэзідэнт нагадвае пра маркетынг, ставячы яго па ступені важнасці ў адзін шэраг з самой вытворчасцю. Папрок відавочны ў бок дзяржпрадпрыемстваў, якія часта вырабіць тавар умеюць, а падаць яго належным чынам і прадаць - не.

Яшчэ пра даручэнні. Неабходна забяспечыць беспраблемны доступ да жыллёвых праграм сярэдняму класу,  распрацаваць і ўкараніць сістэму мераў па павышэнні прававой культуры ў эканоміцы, забяспечыць прыток прыватнага капіталу ў сельскую гаспадарку. Галіна, на думку Прэзідэнта, мае патрэбу ў новых, больш эфектыўных метадах яе далейшага развіцця.