Амаль траціна краін свету ў той ці іншай ступені закранутая канфліктамі

27 мая 2018

Падзяляльных ліній і гарачых пунктаў, якія могуць стаць ачагамі глабальнага супрацьстаяння, на планеце зараз як ніколі шмат. Вось толькі некалькі інфармацыйных сюжэтаў, некаторыя з якіх развіваліся ў тыя дні, калі Мінск прымаў міжнародны форум.

Карэя… Яшчэ зусім нядаўна свет з надзеяй чакаў сустрэчы Дональда Трампа і Кім Чэн Ына. Дыялог паміж ЗША і КНДР выглядаў шчырым і абнадзейлівым. І што ж маем зараз? Сустрэчу сарвалі пасля закрыцця адзінага паўночнакарэйскага ядзернага палігона, затым нібы зноў захацелі сустракацца. Усё вельмі хісткае, асабліва на фоне пагроз Вашынгтона ўчыніць Пхеньяну Лівію.

На Блізкім Усходзе - скандал вакол іранскай ядзернай дамовы, нестабільнасць у Іраку, Лівіі, пытанне прызнання Іерусаліма і, вядома ж, Сірыя. На тыдні сталіца гэтай краіны была ўпершыню з 2011 года цалкам вызваленая ад ісламістаў. Але падстаў для радасці, шчыра гаворачы, не вельмі шмат. За 7 гадоў ахвярамі супрацьстаяння ў арабскай рэспубліцы сталі 400 000 чалавек, яшчэ 100 000 прапалі без вестак. Уявіце - паўмільёна ахвяр!

І хто б мог падумаць, што будзе скалынаць нават Еўропу. Паводле звестак ААН, украінскі канфлікт забраў 12 000 жыццяў! І гэта зусім побач з намі! Ужо амаль чатыры гады ў Мінску ідуць перамовы пад эгідай АБСЕ, але да поўнага вырашэння канфлікту, здаецца, яшчэ далёка.

Гэта толькі невялікі пералік праблем на карце планеты. А ў цэлым амаль траціна краін у той або іншай ступені закранутая канфліктамі. І гэтая страшная лічба гучала на форуме ў Мінску. Можна сказаць, што цяперашняя сустрэча экспертнай супольнасці - гэта авангард пажарнай каманды, да якой, хацелася б верыць, далучацца і палітыкі, ад рашэнняў якіх залежыць тушэнне глабальнага пажару.