Па дарозе з Пакістана ў Беларусь борт №1 прызямліўся ва Узбекістане

9 октября 2016

Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Самарканд, каб асабіста ўшанаваць памяць першага прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава, які памёр 2 верасня.

Шчыльны рабочы графік і вялікая адлегласць не дазволілі Аляксандру Лукашэнку прыбыць на пахаванне. Аднак па шляху з Ісламабада ў Мінск Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне прыляцець у Самарканд, горад, у якім нарадзіўся Іслам Карымаў і ў якім яго пахавалі. Адразу з самалёта беларускі лідар наведаў могілкі "Хазрат Хізр", размешчаныя побач з мемарыяльным комплексам Шахі Зінда. Прэзідэнт усклаў букет чырвоных руж.

У самаркандскай рэзідэнцыі кіраўніка рэспублікі Аляксандр Лукашэнка перадаў спачуванні ўдаве Іслама Карымава Таццяне. Разам з Прэзідэнтам Беларусі магілу Іслама Карымава наведаў і выконваючы абавязкі прэзідэнта рэспублікі, прэм'ер-міністр Шаўкат Мірзіёеў. Ужо ў Палацы форумаў падчас кароткай гутаркі Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму будучых адносін Беларусі і Узбекістана. Бакі адзначылі, што ёсць вялізны патэнцыял для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, які нашы краіны маюць намер рэалізаваць ужо ў найбліжэйшыя гады.