Планшэты з тэхналогіяй камп'ютарнага зроку атрымалі 600 дзяцей Аршанскага раёна

23 декабря 2018

Парк высокіх тэхналогій таксама не застаўся ўбаку ад добрых спраў - узяўся за ўкараненне ў школах штучнага інтэлекту. Першымі новую тэхналогію на гэтым тыдні выпрабавалі вучні з Аршанскага раёна - гарадскіх пасёлкаў Балбасава і Барані. 600 дзяцей атрымалі планшэты з тэхналогіяй камп'ютарнага зроку ад першага віцэ-прэм'ера Аляксандра Турчына, дырэктара ПВТ Усевалада Янчэўскага і дырэктара інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктара Пракапені.

І гэта не разавая навагодняя акцыя, а першы этап маштабнага праекта. ПВТ не толькі працягне, але і пашырыць сваю дапамогу таленавітым дзецям і ўсёй сістэме адукацыі ў цэлым. Сёння сотні рэзідэнтаў Парка актыўна падтрымліваюць ВНУ і школы па ўсёй краіне. Толькі сёлета адкрыта больш як 50 новых камп'ютарных класаў, 3D-цэнтры і IT-лабараторыі. Праводзяцца сацыяльна-дабрачынныя праекты.

Унікальную праграму распрацавалі спецыялісты кампаній-рэзідэнтаў ПВТ Facemetrics і Playgendary. У тэхналогію штучнага інтэлекту IT-прадпрымальнік Віктар Пракапеня інвеставаў 14 мільёнаў долараў. З дапамогай камеры планшэта праграма счытвае рух вачэй і міміку дзіцяці, вызначае, ці прачытаў школьнік патрэбную колькасць старонак у хатнім заданні і толькі потым адкрывае забаўныя прыкладанні для карыстання.