Першыя крокі будучых алімпійскіх герояў

14 августа 2016

Карэспандэнты "Галоўнага эфіру" сустрэліся з тымі, хто бачыў першыя крокі будучых алімпійскіх герояў

Навіны аб перамозе беларускіх спартсменаў ускалыхнулі нават тых, хто за Алімпіядай не сочыць (калі, вядома, такія ёсць). Эмоцыі зашкальвалі. Але ледзь ці хтосьці адчуваў пачуцці, падобныя тым, што перапаўнялі родных. Напрыклад, маці Дашы Навумавай. Нашы карэспандэнты сустрэліся з тымі, хто бачыў першыя крокі будучых алімпійскіх герояў. Рэпартаж Андрэя Казлова.

Гэта менавіта тыя, для каго, першым чынам, медалісты Алімпійскіх гульняў здабываюць узнагароды. Ужо са срэбрам у Рыа беларускі цяжкаатлет Вадзім Стральцоў здзяйсняе такі кранальны жэст. Спартыўныя эмоцыі яшчэ не хутка ўлягуцца, але вось у гэтую секунду паветраны пацалунак адпраўляецца наўпрост у Магілёў.

Усе свае перамогі Вадзім прысвячае дачцэ Крысціне, якой менавіта ў такі важны для яго дзень споўнілася паўтара года. Сям'я для волата з Магілёва заўсёды будзе на першым месцы. Што б ні здарылася.

Чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы - 2015. Амерыканскі Х'юстан. Беларус Вадзім Стральцоў ідзе па ходзе турніру прыблізна на шостым месцы, але ў выніку вырывае залаты медаль.

Той перамозе радуецца і трэнер Вадзіма Віктар Шаршукоў, які ўжо напярэдадні выступлення на Алімпіядзе ў Рыа неасцярожна скажа: у яго будзе золата - так і напішыце.

Стральцоў у выніку напіша сваю гісторыю, вельмі прыгожую, заваяваўшы срэбную ўзнагароду, што, вядома, не прымяншае яе годнасці.

Напярэдадні не спалі і ў Магілёўскай вобласці.

У Клічаўскім раёне ў вёсцы Патока нарадзілася яшчэ адна медалістка бразільскай Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра, таксама ў цяжкай атлетыцы - Дар'я Навумава. І яе бацькоўскі дом раптам стаў самым папулярным і наведвальным. Прыходзілі ўсе: сябры, блізкія, суседзі. Поспех беларускі шчыра імкнуўся падзяліць абсалютна кожны.

Менавіта Дар'я Навумава адкрыла медальны спіс зборнай Беларусі на Алімпіядзе, але колькі прыйшлося ўкласці ў гэтае дасягненне працы, ведаюць сапраўды толькі яе родныя.

Маці Дар'і Ірына Навумава, якая зараз жыве ў Жодзіне, ужо пасля перамогі дачкі звяжацца з ёй па "Скайпе" і не зможа стрымаць эмоцый.

У Магілёўскім універсітэце імя Куляшова на галерэі спартыўнай славы ўжо рыхтуюць месца не толькі для Дар'і Навумавай, але і для Вадзіма Стральцова. Раптоўна студэнты гэтай ВНУ сталі прызёрамі Алімпійскіх гульняў.

У Віцебскай СДЮШАР №1 нават сёння не спыніліся заняткі. Упершыню прадстаўнік беларускай школы на батуце ўзяў медаль вышэйшай пробы. І вось менавіта тут пачынаў свой шлях да Алімпа Уладзіслаў Ганчароў.

Алена Калмагорава, дырэктар віцебскай СДЮШАР №1: "У дадзены момант мы знаходзімся ў той зале, дзе вырас алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў. Гэта як раз тыя сцены, якія бачылі яго станаўленне, бачылі яго і праблемы, і перамогі. Гэта як раз-такі тая зала. Яна адпавядае ўсім стандартам, неабходным для падрыхтоўкі батутыстаў высокага класа. Гэта прыклад для пераймання. Я мяркую, яны ганарацца, што трэніруюцца ў адной зале з алімпійскім чэмпіёнам. І, спадзяюся, што ў будучыні яны таксама будуць услаўляць школу віцебскага батута".

Маці Уладзіслава, якая жыве ў Падмаскоўі, не адрывалася напярэдадні ад тэлемалюнка з Рыа-дэ-Жанэйра. А пасля адкрыла нам сакрэт шляху алімпійскага чэмпіёна.

Менавіта Уладзіслаў Ганчароў, абыдучы моцных кітайскіх спартсменаў, напярэдадні заваяваў першым адзін з трох беларускіх медалёў. Але віцебская СДЮШАР №1, будзьце ўпэўненыя, не спыніць пастаўляць чэмпіёнаў.

А вось калі ў Беларусі быў світанак, у Рыа ўзышло сонца і для Аляксандры Герасімені. Яна заваёўвае бронзавы медаль, устанавіўшы пры гэтым новы нацыянальны рэкорд.

У яркай кар'еры залатой рыбкі беларускага спорту не дастае толькі адной узнагароды, мы ведаем якой пробы, але гаварыць аб гэтым услых не будзем.