Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл з трохдзённым візітам у Беларусі

21 июня 2015

І зноў Брэст, адкуль сёння мы пачыналі нашу праграму. У нядзелю там сустракалі асаблівага госця - Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Напярэдадні ён прыбыў у Беларусь з трохдзённым візітам. Праграма надзвычай насычаная: сустрэча з Прэзідэнтам, ускладанне вянка на плошчы Перамогі, служба ў Кафедральным саборы. І вось сёння Брэст, шэраг памятных мерапрыемстваў. Адно з іх - памінальная літыя ў памяць аб абаронцах Брэсцкай крэпасці.

Наогул, тэма вайны і міру ў гэтым візіце прасочваецца не толькі ў рытуалах і службах з удзелам Патрыярха. У суботу кіраўнік РПЦ і Прэзідэнт Беларусі асобна спыніліся на тэме вайны ва Украіне. На тыдні ў Мінску кантактная група зноў шукала шляхі да міру. На жаль, сёння малітвы не толькі пра тых, хто загінуў у Вялікай Айчыннай… 

Пра візіт Патрыярха Кірыла, місію царквы ў XXI стагоддзі і сілу веры - рэпартаж Іны Пілевіч.

Свой візіт у Беларусь Патрыярх Кірыл наўмысна планаваў на 2015-ы - год 70-годдзя Вялікай Перамогі. І тут гаворка ідзе не толькі пра вышэйшую духоўную місію, але і пра асабістую драму. Дзядзька кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы быў сярод тых, хто першымі прымалі ўдар праціўніка, не дазволілі ворагу імкліва прайсці сотні кіламетраў ад заходняй мяжы да сталіцы Савецкага Саюза.

Сімвалічна гэтай ноччу вышэйшая духоўная асоба правядзе памінальную літыю ў памяць аб загінуўшых воінах у Брэсцкай крэпасці. На месцы трагічных падзей сустрэне світанак у малітве разам з вернікамі.

Дарэчы, адразу пасля прыбыцця ў Мінск Прадстаяцель Рускай царквы пакланіўся беларускім ветэранам Вялікай Айчыннай. Найсвяцейшы Патрыярх усклаў вянок да абеліска на плошчы Перамогі.

Для Патрыярха Кірыла гэта ўжо 4-ы візіт у Беларусь. Упершыню пабываў у рэспубліцы ў верасні 2009-га праз некалькі месяцаў пасля прызначэння на вышэйшую духоўную пасаду. Затым кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі прымаў удзел ва ўрачыстасцях з нагоды 400-годдзя з'яўлення Крупецкага абраза Божай Маці, таго самага, што цудам з'явіўся ў адной з крыніц Мінска, і 1025-годдзя хрышчэння Русі. І гэтым разам таксама важная падстава для праваслаўнай грамадскасці - 1000-годдзе з дня смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, хрысціцеля Русі.

Па традыцыі кожны раз Патрыярх Кірыл сустракаецца з Прэзідэнтам Беларусі. Пасля сяброўскага прывітання Аляксандр Лукашэнка і Прадстаяцель Рускай царквы пагутарылі ў каміннай зале Палаца Незалежнасці. Асноўная тэма гутаркі - дыялог рэлігійных культур. Як адзначае Кіраўнік дзяржавы, беларусы - нацыя талерантная і верацярпімая. У краіне мірна жывуць прадстаўнікі абсалютна розных канфесій - праваслаўныя, католікі, пратэстанты, мусульмане, іўдзеі.

У сваю чаргу кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы падзякаваў Беларусі за тую ролю, якую яна адыграла ў арганізацыі перамоў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

Падчас сустрэч Патрыярх Кірыл ўручыў Кіраўніку дзяржавы ордэн Серафіма Сароўскага 1-й ступені. Гэта ўзнагарода - падзяка за падтрымку і дапамогу Рускай праваслаўнай царкве.

Таксама вышэйшая духоўная асоба падарыла Прэзідэнту Беларусі абраз святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра. У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка перадаў у дарунак Патрыярху сярэбраны абраз "Анёл-захавальнік".

Напрыканцы Аляксандр Лукашэнка наладзіў кіраўніку Рускай праваслаўнай царквы невялікую экскурсію па залах Палаца Незалежнасці.

Напярэдадні хрысціяне з Мінска і іншых гарадоў краіны прыйшлі ў Кафедральны сабор сталіцы па блаславенне кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы. Патрыярх Кірыл узначаліў службу. Храм не змог змясціць усіх, хто пажадаў трапіць на літургію, таму значная частка вернікаў малілася на вуліцы.

Пасля літургіі Патрыярх Кірыл адкрыў адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы. Яго будавалі, што гаворыцца, усёй грамадой на працягу 10 гадоў. Значную падтрымку аказала і беларуская дзяржава. Тут створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі адукацыйных праектаў.

Духоўны гарадок плошчай 7 тысяч квадратных метраў. Цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы размясціўся побач з галоўным саборам Мінска. Ва ўнікальным комплексе - навучальныя карпусы, інтэрнат, бібліятэка. Тут будуць праходзіць навучанне будучыя святары і супрацоўнікі царкоўных устаноў.

У Мінску стала і на адну духоўную славутасць больш. У двары праваслаўнага цэнтра ўсталявалі скульптуру, прысвечаную з'яўленню абраза Божай Маці. Голуб над вадой з іконай. У гэтай фігуры зашыфравана легенда. Паводле падання, князь Уладзімір прывёз абраз яе з візантыйскага Херсанеса ў Кіеў. Падчас нашэсця святыня знікла і толькі ў 1500 была выяўлена ў рэках Свіслачы, таму і атрымала другую назву "мінская". Скульптуру ў гонар святыні адкрыў і асвяціў Прадстаяцель Рускай царквы.

протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхезы Мінскай епархіі: "Абраз гэты вельмі шануецца ўсімі хрысціянамі - і ўсходнімі, і заходнімі. І ў горадзе Мінску ён настолькі дарагі, што лічыцца сімвалам горада Мінска, на гербе Мінска намалявана Багародзіца з анёламі як раз у памяць аб з'яўленні Мінскага абраза Божай Маці".

Сёння Уладыка раздзяліў з брэсцкай епархіяй Дзень памяці беларускіх святых. Свята ўстаноўлена яшчэ ў 84-м годзе, за гэты час колькасць праведнікаў, якіх паважаюць у нашай краіне, павялічылася да 79. Ва Уваскрэсенскім саборы ўспаміналі і маліліся за Ефрасінню Полацкую, Кірыла Тураўскага, Афанасія Брэсцкага, Сафію Слуцкую.

Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы даставіў у Брэст мошчы роўнаапостальнага князя Уладзіміра ў сувязі з 1000-годдзем з дня смерці хрысціцеля Русі. Ужо заўтра Уладыка прыме ўдзел у жалобным мітынгу памяці загінуўшых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не толькі фінальны пункт духоўнай місіі Патрыярха Кірыла ў нашай краіне, але і месца для асабістага смутку.