Падзенне самалёта знішчыла турыстычны бізнес Расіі

15 ноября 2015

Прычына крушэння лайнера "Кагалымавія" над Сінайскім паўвостравам да гэтай пары не высветленая. Авіязносіны з Егіптам перапыніла Расія і шэраг іншых краін. Турысты экстранна вяртаюцца на Радзіму, а хто паляцець не паспеў, атакуе турыстычныя агенцтвы ў надзеі вярнуць грошы за ўжо набытыя туры ў Егіпет. Падзенне самалёта знішчыла турыстычны бізнес Расіі. Мясцовыя тураператары нясуць мільённыя страты. Каб неяк справіцца з сітуацыяй, урад і вядучыя туркампаніі шукаюць альтэрнатыўныя варыянты.

Гэта або замена тура, або змяшчэнне грошай на дэпазіт да наступнай паездкі. Некаторыя тураператары прапаноўваюць замест адпачынку на пляжы калядныя канікулы ў сябе ў краіне або ў найбліжэйшых суседзяў - напрыклад, у Беларусі. Зрэшты, расійскія турысты, якія не жадаюць адмаўляцца ад сонца і цяпла, ужо разглядаюць туры ў Егіпет з вылетам з Мінска. Наш уласны карэспандэнт у Маскве Дар'я Белавусава-Пятроўская на працягу тыдня сачыла за сітуацыяй.

Сціскаючы ў абдымках самых родных людзей, дачку і маці, Надзея Мядзведзева больш не стрымлівала эмоцый. Рэйс з Шарм-эль-Шэйха некалькі разоў затрымлівалі, і гадзіны чакання самалёта з Егіпта для маладой жанчыны ператварыліся ў сапраўдную пакуту.

З Егіпта ў Расію ўжо выехалі больш як 45 тысяч расіянаў. Яшчэ каля 35 тысяч павінны вярнуцца на Радзіму да 20 лістапада. Але сёння асноўная праблема датычыцца не тых, хто прыехаў, а тых, хто збіраўся на адпачынак.

Каб вырашыць гэтую праблему, дзяржаве і турбізнесу прыйшлося аб'яднацца. Створаны спецыяльны штаб, куды ўвайшлі члены ўрада і вядучыя турыстычныя кампаніі краіны.

Для расійскіх тураператараў Егіпет - самы гарачы кірунак. Да сакавіка наступнага года ў краіну пірамід ужо прададзена 140 тысяч тураў, а ўсяго мінулай зімой там адпачывалі 3 млн. расіянаў. Таму пасля забароны палётаў у Егіпет страты расійскай турыстычнай галіны - ужо каля 4 млрд. рублёў. А масавае ануляванне пуцёвак пагражае шматлікім турфірмам банкруцтвам.

Каб у гэтай няпростай сітуацыі неяк пратрымацца на плаву, турыстам прапаноўваюць альтэрнатыўныя варыянты. Напрыклад, пакласці грошы на дэпазіт да наступнай паездкі або замяніць тур. На выбар турыстаў - Турцыя або Ізраіль, але таксама ўжо сталі паступаць прапановы адпачыць у сябе на радзіме, тым самым развіваючы ўнутраны турызм. Або ў сваіх найбліжэйшых суседзяў, напрыклад, у Беларусі. Ігар Кузьмін ужо 20 гадоў паспяхова сумяшчае гэтыя два кірункі. Санкт-Пецярбург, Масква, Мінск - у яго турыстычнай кампаніі ніколі не было праблем з кліентамі, але пасля табу на палёты ў Егіпет іх колькасць павялічылася ў два разы.

Дапамагчы расійскім тураператарам перажыць крызіс Беларусь можа і як транзітная дзяржава. Палёты ў Егіпет тут не адмянялі. У беларускія турагенцтвы ўжо паступае шквал званкоў ад расіянаў, якія цікавяцца: ці можна паляцець на адпачынак у Егіпет з Мінска?

Аляксандр Бурцін, камерцыйны дырэктар турыстычнай кампаніі: "Так, сапраўды, Украіна, Беларусь, Прыбалтыка палёты ў Егіпет не адмянілі, таму альтэрнатыўныя варыянты палётаў у Егіпет застаюцца. Наша дзяржаўная палітыка накіраваная на тое, каб рэгуляваць арганізацыйныя патокі з Расіі, адпаведна, у нас ёсць забарона прадаваць такія туры. У гэтай сувязі, я мяркую, што праз Інтэрнэт гэта можна зрабіць, але гэта будзе лакальная прапанова менавіта беларускіх тураператараў".

Колькі ў Расіі прадоўжыцца забарона на вылеты ў Егіпет, не можа спрагназаваць ніхто. Пакуль гаворка ідзе аб некалькіх месяцах. Але нават за гэты час турыстычнаму бізнесу будзе нанесеная каласальная шкода. Толькі паводле папярэдніх падлікаў, яна можа скласці каля 200 млн. долараў