Адносіны паміж Расіяй і Турцыяй пагоршыліся

29 ноября 2015

Інцыдэнт на сірыйска-турэцкай мяжы са збітым расійскім бамбардзіроўшчыкам Су-24 турэцкім знішчальнікам стаў шокам для ўсіх. Нагадаем, экіпаж паспеў катапультавацца да крушэння самалёта. Камандзір Алег Пешкоў загінуў падчас прызямлення з парашутам у выніку абстрэлу баевікамі з зямлі. Штурману Канстанціну Мурахціну ўдалося выжыць і вярнуцца на базу. Загінуў таксама расійскі марскі пехацінец з выратавальнай групы, якая адправілася на месца крушэння.

Анкара працягвае настойваць на тым, што расійскі ваенны самалёт уварваўся ў яе паветраную прастору. Паводле звестак Мінабароны Расіі, факт парушэння мяжы меў месца. Але не расійскім бамбардзіроўшчыкам, а турэцкімі знішчальнікамі. Як насамрэч развіваліся падзеі 24 лістапада, сцвярджаць цяжка. Але сусветная супольнасць з аблягчэннем выдыхнула, калі Расія і Турцыя - ядзерная дзяржава і краіна НАТА - афіцыйна адхілілі магчымасць пачатку адкрытага ўзброенага супрацьстаяння.

Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расіі: "Страта звязаная з ударам у спіну, які нам нанеслі памочнікі тэрарыстаў".

Рэджэп Таіп Эрдаган, Прэзідэнт Турцыі: "Гэты інцыдэнт нас вельмі засмуціў. Вельмі спадзяюся, што такога больш не паўторыцца. Гэтае пытанне мы абмяркуем і знойдзем рашэнне. У панядзелак, 30 лістапада, у Парыжы пройдзе міжнародны кліматычны саміт. Гэта можа быць шанцам на аднаўленне нашых адносін з Расіяй".

Пакуль жа ў адносінах дзвюх краін назіраецца сур'ёзнае пахаладанне. Многія сумесныя праекты - ад энергетычных да ваенных - пад пагрозай. Прэзідэнт Расіі падпісаў указ аб увядзенні санкцый у дачыненні да Турцыі. У прыватнасці, у дакуменце гаворыцца і аб адмене бязвізавага рэжыму паміж дзвюма краінамі.