Адчыненыя дзверы

15 января 2017

Падрабязнасці новага ўказа і першыя рэакцыі на адкрытыя межы - у рэпартажы  Веранікі Буты.

Абыякавым новы ўказ не пакінуў адназначна нікога. Адмена візавага рэжыму - у топе навін найбуйнейшых інфармацыйных парталаў, прычым не толькі турыстычных. Спяшаліся дзяліцца меркаваннямі і карыстальнікі сацсетак.  Адны -   выказваючы прапановы, як зрабіць больш разнастайным вольны час іншаземца. Іншыя - наракаючы на тое, што без візы прайсці кантроль можна толькі ў аэрапорце, а абмежаванне ў 5 дзён назвалі перажыткамі мінулага. Прычына такога дуалізму меркаванняў, на думку дырэктара буйнага турыстычнага партала, страх кампаній, каму прыйшоў час даказаць сваю прафпрыгоднасць.

Андрэй Барашка, дырэктар турыстычнага партала: "Ужо адказнасць не на дзяржаве, якая сярод іншага дала магчымасць прымаць турыстаў, а на канкрэтным прадпрымальніку. Калі нічога не рабіць, ніхто не паедзе ў Беларусь нават са скасаванымі візамі. Не адбудзецца гэтага цуду". 

Эксперты ў адзін голас паўтараюць, што патрэбны годныя прапановы ад туркампаній, канкурэнтныя цэны на авіяпералёты і гасцінічныя нумары, якасны сэрвіс. Тады і прыток турыстаў, а адпаведна і валюты ў краіну не прымусіць сябе чакаць.

Статыстыка апошніх гадоў паказвае, іншаземцы паступова пачынаюць адкрываць Беларусь для адпачынку. За пяць гадоў арганізаваных турыстаў стала больш у два разы. Праўда, лічба ўсё роўна далёкая ад жаданай. Вынік 2015 - крыху больш за 276 тысяч без уліку індывідуальных падарожнікаў. Абсалютная большасць - грамадзяне СНД: 252 тысячы. Лічбу робяць у асноўным расіяне - паміж намі ніякіх меж.

Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі: "У французаў папулярны моладзевы турызм, калі моладзь падарожнічае на працягу 2 дзён. І цяжка ўявіць сабе, што французы будуць губляць час на афармленне візы, каб на 2 дні прыехаць у Беларусь. Зараз такая магчымасць створана".

Бязвізавы рэжым ужо дзейнічае для грамадзян некаторых краін і прыносіць  вынікі. Па Ізраілі паток павялічыўся ў 2 разы, па Турцыі - у паўтара. Турыстычны патэнцыял пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму ацэньваюць на гэты год у 20 %. У першую чаргу чакаюць актыўнасці ад еўрапейцаў і амерыканцаў.

Джын Фергюсан, амерыканец: "Нядаўна я вывучаў пытанне, як атрымаць візу ў Беларусь, хацеў правесці некалькі дзён у вашай краіне. Добра, што пачакаў. Днямі ўбачыў, што  працэс пачаў змяняцца - візы для падарожнікаў скасаваны. Я буду рады скарыстацца такой магчымасцю і ўжо сёлета прыеду да вас на гэтыя некалькі дзён".

Шон Харві, амерыканец: "Упершыню я быў у Беларусі ў 2014 на чэмпіянаце свету па хакеі. Ніякіх праблем, проста купіў білеты. Праз год вырашыў прыехаць зноў. Звярнуўся ў агенцтва, каб было прасцей зрабіць візу, заплаціў некалькі сотняў долараў, чакаў каля 7 дзён і атрымаў візу, але ўсяго на тыдзень. Крыўдна. Я рады, што Беларусь зараз адкрыла межы хоць бы на 5 дзён. Мне падабаецца адпачываць у Мінску".

Адмена візавага рэжыму - смелы эксперымент. Апрабаваць сістэму вырашана пакуль у адным пункце пропуску - у Нацыянальным аэрапорце.

І не выключана, што калі эксперымент атрымаецца, то бязвізавы ўезд пачнецца і праз іншыя пункты пропуску. Хоць лагічна, што адкрываць Беларусь прапануюць менавіта са сталіцы.

Знаёмства з горадам прапануюць пачаць з вакзала.

Маршрут экскурсіі праходзіць па галоўных магістралях і плошчах горада.

Анастасія Паўлава, намеснік дырэктара кампаніі па арганізацыі аўтобусных экскурсій: "За мінулы год толькі па аглядных экскурсіях правезлі 12 тысяч турыстаў. Большасць з іх сапраўды знаходзіцца ў горадзе ад двух да пяці дзён".

Турыстычныя кампаніі па ўсім свеце (калі выключыць пляжны адпачынак)  акцэнты сёння робяць менавіта на туры выхаднога дня, невялікія круізы.   Таму важна не перабраць з насычанасцю праграм, знайсці баланс паміж інфарматыўнасцю і забавамі.

Адкрыць свае межы нават на некалькі дзён адважваюцца нямногія. Такі крок зрабілі Малдова, Кыргызстан, Арменія, з гэтага года і Казахстан. У кожнай дзяржавы свой спіс краін і свае часовыя абмежаванні для гасцей.

Беларусь першыя крокі ў гэтым кірунку пачала рабіць два гады таму. Чэмпіянат свету па хакеі, наведванне Белавежскай пушчы, бязвізавы рэжым зацвердзілі і для Аўгустоўскага канала і яго наваколляў. У 2015 з вызваленнем ад консульскага збору прайшлі каля 60 спартыўных мерапрыемстваў. У мінулым каля 80.

Віталь Грыцэвіч, намеснік дырэктара Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму: "Дакладна такое будзе на Еўрапейскія гульні ў 2019. Міністэрства спорту і турызму  будзе працягваць працу па пашырэнні спісу такіх мерапрыемстваў. У якасці прыкладу  сёлета плануецца правесці злёт кемпераў". 

Цікавасць іншаземцаў да бязвізавай Беларусі ёсць, падагульнілі ў МЗС. Спецыяльна, каб адказаць на пытанні максімальна шырокай аўдыторыі, консульскі дзень вырашана было правесці ў сацсетках. У выніку новымі правіламі ўезду пацікавіліся больш за мільён чалавек. У ведамстве нагадалі, бязвізавы рэжым не закране тых, хто прылятае ў Беларусь з Расіі. Рэгістрацыя не спатрэбіцца, пячатку аб прылёце і вылеце паставяць у пашпарт і міграцыйную карту. Лічыць 5 бязвізавых дзён будуць менавіта па гэтых адзнаках. Калі правілы не былі парушаны, вяртацца да нас можна колькі хочаце і штораз адкрываць для сябе новую Беларусь.