Адкрыццё саборнай мячэці ў Мінску - значная падзея для беларускіх мусульман

13 ноября 2016

Не абышоўся афіцыйны візіт і без моманту сімвалічнага. Пасля перамоў Аляксандр Лукашэнка і Рэджэп Таіп Эрдаган адправіліся на ўрачыстае адкрыццё саборнай мячэці. Вялікі ўклад у яе будаўніцтва ўнёс турэцкі бок. Прэзідэнты азнаёміліся з уладкаваннем рэлігійнага будынка і пакінулі запісы ў кнізе ганаровых гасцей. Аляксандр Лукашэнка назваў падзею значнай для беларускіх мусульман. Бо мячэць - першая ў беларускай сталіцы і самая буйная ва Усходняй Еўропе. За добрае стаўленне да мусульман, якія пражываюць у Беларусі, асаблівую падзяку нашаму Прэзідэнту выказаў Рэджэп Таіп Эрдаган.

Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: "Беларусь - краіна з міралюбным характарам. Мы шануем мір і спакой, таму будуем храмы для ўсіх канфесій. Мы прытрымліваемся аднаго лозунгу: любы грамадзянін нашай краіны мае права знайсці сваю дарогу да свайго храма, і ніхто не мае права і не павінен яго прымушаць паступаць інакш. Таму мы сёння адкрываем гэты вялікі храм, які будзе не проста домам для мусульман, а прыўнясе вялізны ўклад у развіццё культуры нашай Беларусі. Перакананы, што саборная мячэць, пабудаваная пры асабістай падтрымцы Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана, майго добрага сябра і таварыша, стане для мусульман Беларусі і ўсяго беларускага народа важным духоўным цэнтрам, крыніцай асветы і распаўсюджвання гуманістычных ідэй і праўдзівых мэт ісламу".

Будынак мінскай саборнай мячэці можа змясціць амаль дзве тысячы вернікаў. Багатыя роспісы пад купалам - справа рук турэцкіх майстроў. Зрэшты, як і астатняе ўбранне. Сцены ўпрыгожаныя таблічкамі з радкамі Карана, а скляпенні - медальёнамі розных мусульманскіх народаў. Малітвы тут гучаць пяць разоў на дзень, а ў пятніцы - калектыўныя джума-намазы. Акрамя таго, у мячэці ёсць бібліятэка і навучальныя класы.