Адкрыць у Беларусі першы інстытут рамёстваў і адрадзіць цэлую вёску

5 апреля 2015

Адкрыць у Беларусі першы інстытут рамёстваў і адрадзіць цэлую вёску - такі праект задумалі два расійскія бізнесмены. Пакуль свой статус альма-матар носіць неафіцыйна і хутчэй нават сімвалічна. Аднак драўляных спраў майстры абяцаюць навучыць усім нюансам прафесіі. Што прымусіла пакінуць паспяховы бізнес у Калінінградзе  дзеля амбіцыйнай мары на беразе Аўгустоўскага канала,   даведваўся  Дзмітрый Смірноў.

 

Замест універсітэцкіх парт тут хваёвы брус, а канспекты і наўтбукі замянілі на бензапілы і сякеры. Сусветны модны трэнд  суровага мужчыны-дрывасека  тут  быў  бы дарэчы.

Вытокі амбіцыйнага праекта - адрадзіць родную вёску і адкрыць у Беларусі першы інстытут рамёстваў - аказаліся схаваныя ў мары двух бізнесменаў з Расіі з беларускімі каранямі. Генадзь родам з пасёлка Сапоцкін у Гродзенскім раёне. Адслужыўшы ў арміі, застаўся жыць у Калінінградзе. Аднак з гадамі настальгія па матчынай хаце на беразе Аўгустоўскага канала аказалася мацнейшай. Генадзь задумаў не проста пабудаваць хатку, а адрадзіць цэлую вёску. А разам з ёй і забытае майстэрства славянскіх дойлідаў.

Генадзь Садкоўскі, заснавальнік будаўнічай кампаніі: "Мне больш хочацца, каб людзі жылі добра. Не  хачу называць гэта нават бізнесам. Гэта паляпшэнне. Размаляваць жыццё людзей трохі. Адысці ад шэрасці, нуды".

Спачатку пабудаваў  дом сабе.  На гэтым фоне домік маці, у якім ён сам вырас, здаецца хаткай.

На тэрыторыі былой малочнай фермы размясціўся будучы інстытут рамёстваў. Старыя будынкі аднавілі. І зараз цяжка  ўявіць, што тут калісьці было нешта іншае, акрамя сталярных майстэрань.

Курс чалядніка доўжыцца крыху  больш за тыдзень. Што важна - тут таксама плацяць стыпендыю.

Гэта свайго роду практычная лабараторыя. І галоўны  экзамен, які давядзецца здаць студэнтам, - гэта пабудаваць вось такі дом. За 8 дзён.

Бізнес-мадэль Генадзя і яго кампаньёна Дзмітрыя  ўсё ж складана ўбудаваць у рамкі традыцыйных камерцыйных планаў. Прадпрымальнікі самі навучаюць канкурэнтаў.

Генадзь расказвае:  у будучы інстытут рамёстваў  навучыцца, як тут гавораць, ставіць  дом або лазню  кожны дзень прыязджаюць людзі за 30-60 кіламетраў.

Гэтае памяшканне і ў прынцыпе ўся вытворчасць ужо не проста нейкі мэблевы праект. Тут павінен адкрыцца першы факультэт будучага інстытута рамёстваў.

Пакуль яшчэ не ў афіцыйным статусе і без мантыі  будучы дэкан гэтага факультэта  Аліхан  ужо рыхтуе метадычныя дапаможнікі для студэнтаў. З дрэвам працуе столькі, колькі сябе памятае. Але быў час, калі прафесійна займаўся і афармленнем кніжных бестселераў у Расіі. Але менавіта праект у Гродзенскім раёне спакусіў мастака застацца.

Зараз ён сканцэнтраваўся на стварэнні драўляных тронаў па эскізах правадыроў сарматаў і скіфаў. Але ўзнаўленне каралеўскіх тронаў - толькі яшчэ адна частка вялікага праекта. У будынку інстытута ўжо збіраюць экспанаты першага ў краіне музея мэблі.