Адкрыўся новы тэлевізійны канал "Беларусь 4"

13 сентября 2015

Ад "Беларусь 21" да "Беларусь 4". Новы тэлевізійны канал з такой назвай з'явіўся ў скарбонцы Белтэлерадыёкампаніі. Першай, дзе з'явіўся лакальны (мясцовы) канал пад агульным брэндам "Беларусь 4", стала Магілёўская вобласць. Неўзабаве аналагічны праект з'явіцца ў кабельных сетках Гродна, Брэста, Віцебска. Гістарычны момант прыпаў на 8 верасня - Міжнародны дзень салідарнасці журналістаў. Досвіткам у будынку тэлерадыёкампаніі "Магілёў" сабраліся не толькі журналісты, рэдактары, рэжысёры, аператары, але і тыя, хто аказаў дапамогу ў стварэнні новага вяшчальніка. І роўна а палове сёмай кіраўнік вобласці націснуў кнопку ў апаратнай і тым самым запусціў канал у эфір.

Па насычанасці сетка вяшчання "Беларусь 4. Магілёў" не саступае цэнтральным каналам. Абласная тэлерадыёкампанія з цалкам "кампактным" штатам у сотню чалавек вырабляе парадку 20 праектаў. Сярод іх ток-шоу праграмы для самых маленькіх і навіны. Менавіта агляды мясцовых падзей з'яўляюцца адметнай рысай "чацвёртай кнопкі". Гэта ўнікальная магчымасць для рэгіянальных СМІ сканцэнтравацца на асвятленні лакальных падзей.