Шчырая гутарка Прэзідэнта Беларусі з міністрамі замежных спраў ЦЕІ

25 июня 2017

Мінск усё часцей становіцца пляцоўкай для знакавых міжнародных мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць умацаванню стабільнасці ў рэгіёне. Сёлета Беларусь з'яўляецца старшынёй у Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве, куды ўваходзяць 18 краін. Арганізацыя была створаная ў 1989 годзе для прадухілення новых падзяляльных ліній у Еўропе. Гэта робіць альянс асабліва запатрабаваным у наш час.

Ключавая тэма беларускага старшынства - гэта прасоўванне сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці ў вялікай Еўропе. На тыдні ў Палацы Незалежнасці адбылася адкрытая і шчырая гутарка Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з міністрамі замежных спраў ЦЕІ. У цэнтры ўвагі былі важныя для ўсяго кантынента тэмы. Сярод іх барацьба з тэрарызмам, сітуацыя ў сферы міграцыі, а таксама канфлікт ва Украіне.

У мінскім "Прэзідэнт-Гатэлі" прайшоў і саміт кіраўнікоў МЗС Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Высокапастаўленыя дыпламаты абмеркавалі пытанні аб'яднання высілкаў у барацьбе з новымі выклікамі. У кулуарах сустрэчы дыпламаты адзначылі важнасць таго факту, што праблемы, якія датычацца ў першую чаргу ЕС, абмяркоўваюцца ў Мінску. У рамках сустрэчы былі таксама адобраныя прапановы для рэфармавання ініцыятывы ў святле змен у рэгіёне, якія адбыліся за апошняе дзесяцігоддзе. Беларусь як старшыня ў ЦЕІ правядзе сёлета больш за два дзясяткі міжнародных мерапрыемстваў і форумаў.