Восі каардынат Беларусь - Германія - ЕС - "Усходняе партнёрства" зноў сышліся ў Мінску

19 ноября 2017

Гэта "Галоўны эфір", і мы пачынаем праграму з вялікай міжнароднай пляцоўкі для дыскусій. Мінскі форум, сесія, пратакол, сустрэча - усе гэтыя словы ўжо сталі папулярнымі. Увесь свет прызнаў уклад Беларусі ва ўрэгуляванне ўкраінскага канфлікту. Над гэтым пытаннем больш за тры гады працуе група экспертаў.

А гэтая пляцоўка мае сваю, больш багатую гісторыю. Роўна 20 гадоў таму ўпершыню адбыўся Мінскі форум. Першапачаткова ён уяўляў сабою гэткі інтэлектуальны клуб, які займаўся аналізам еўрапейскіх палітычных і эканамічных працэсаў. Зараз жа гэта сапраўдны цэнтр сілы. Тое, што тут адбываецца, бачаць, чуюць і бяруць пад увагу на самым высокім узроўні.

Гісторыя гэтага фармату адносін далёка не адназначная. Крызіс палітычнага дыялогу здарыўся ў 2011. Спатрэбілася некалькі гадоў халодных поціскаў рукі дыпламатаў, каб зразумець: ад гэтага нікому ні свярбіць ні баліць. Праз некаторы час форум працягнуў сваю працу.

Нарэшце, восі каардынат Беларусь - Германія - ЕС - "Усходняе партнёрства" зноў сышліся ў цэнтры Еўропы. Тое, што ўдзельнікі сыдуцца ў меркаваннях, не факт, але толькі так можна дайсці да ісціны. Вядома, сёння паміж радкамі мерапрыемства мы бачым пацяпленне адносін Беларусі і ЕС. Каму яно больш пойдзе на карысць - пэўна, таксама адно з асноўных пытанняў форуму.

Як і любы шаноўны клуб, Мінскі форум не можа абысціся без важных гасцей. Сёлета ў дыялогу ўпершыню прымае ўдзел віцэ-канцлер і міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль.

Нямецкі дыпламат такога статусу ў Беларусі ўпершыню з 1995 года. Так што нават сам факт візіту гаворыць пра многае.