У Клецкім раёне у гэтым сезоне правялі своеасаблівы эксперымент

1 октября 2017

Восеньскія палявыя работы зараз у самым разгары. Яшчэ гадоў дзесяць таму зводкі дзяржкантролю аб зрывах гэтых работ датаваліся сярэдзінай лістапада, зараз жа мы бачым зусім іншы ўзровень земляробства. Хоць прайшло ўсяго нічога, дзве пяцігодкі. Дарэчы, гэты тэрмін часам у нас успрымаецца з доляй іроніі або нават недаверу. Але ёсць такая народная мудрасць: назаві хоць чыгуном, толькі ў печку не стаў. Дык вось, каб было што ставіць у печку, або, калі хочаце, на пліту, зараз як раз і працуе пяцігадовая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Асобным пунктам у гэтым дакуменце значыцца развіццё сельскай гаспадаркі. Калі канкрэтна, да 2020 года ў краіне робіцца ўпор на дакладнае земляробства і аптымізацыю структур сяўбы. Як раз пра гэта на тыдні гаварыў Прэзідэнт у Клецкім раёне. Там у гэтым сезоне правялі своеасаблівы эксперымент.

Калісьці кукуруза стала адкрыццём для ўсяго Савецкага Саюза. А вось на гэтым тыдні на слыху новае слова ў раслінаводстве. Сорга з выгляду вельмі нагадвае царыцу палёў, а па сутнасці цалкам можа стаць казырным каралём сярод кармавых культур. Расліна ўстойлівая да засухі і патрабуе менш угнаенняў. Увогуле, добры варыянт для манеўру аграрыяў. Выбар за кіраўнікамі гаспадарак.

У Клецкім раёне, як і па ўсёй краіне, зараз завяршаюць сяўбу азімых, гэта значыць, закладваюць аснову каравая 2018-га года, і ў той жа час убіраюць другі хлеб. Яго, як вядома, беларусы шануюць не менш за першы.

Так, бульба для нас і сапраўды асаблівая культура. У нашай краіне яе спажываюць на душу насельніцтва больш, чым у любой іншай. А па вытворчасці мы восьмыя ў свеце. Беларускія сарты вырошчваюць у Кітаі, а ў Швецыі нават пабудавалі крухмальны завод спецыяльна пад нашу бульбу.

Дык вось, каб заўсёды быць і з першым, і з другім хлебам, да працы ў палях таксама трэба ставіцца асабліва. Прэзідэнт пра гэта часта гаворыць. Напэўна, таму, што аграрны сектар у нас на асаблівым рахунку. І будучы год стане своеасаблівай праверкай, мяжой: чаму беларусы навучыліся за 25 гадоў? 2018 будзе прысвечаны культуры земляробства.

Вядома, не абышлося без канрэтных даручэнняў: сяўбу азімых завяршыць да 3 кастрычніка, у аграрыяў на гэта засталося ўсяго 2 дні. Нагадаў Прэзідэнт і пра ўжо знакамітыя капцы і курганы. Гэтыя тэрміны зараз знаёмыя не толькі спецыялістам. Галоўны пасыл - мабілізавацца і без страт убраць ураджай агародніны. Ён, дарэчы, сёлета вельмі нават нядрэнны.