Чарговая сустрэча кантактнай групы па Украіне

22 мая 2016

Завяршаючы агляд пляцовак, дзе на тыдні спрабавалі знізіць градус напружанасці, зноў вернемся ў Мінск. Чарговая сустрэча кантактнай групы па Украіне. На ўсходзе стала больш ціха. У апошнія тыдні ў рэгіёне назіраецца значнае паніжэнне ліку парушэнняў рэжыму спынення агню. Аб гэтым па выніках чарговага пасяджэння паведаміў спецпрадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдык. Паводле слоў дыпламата, бакі зноў абмяркоўваюць магчымае развядзенне сіл на лініі судакранання. Таксама атрымалася дамовіцца аб падтрымцы дзяцей-сірот па абодва бакі лініі размежавання. А вось дыялог па абмене палоннымі, на жаль, застапарыўся. Расчараванне спадара Сайдыка выклікаў і ход рашэння гуманітарных пытанняў на ўзроўні "нармандскай чацвёркі".

Марцін Сайдык, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Людзі працягваюць пакутаваць ва ўмовах канфлікту. Гуманітарныя пытанні маюць найважнейшае значэнне... Менавіта гэта было выказана сёння каардынатарам працоўнай групы па гуманітарных пытаннях паслом Фрышам, які выказаў расчараванне тым, што на берлінскай сустрэчы міністраў замежных спраў нармандскага фармату гуманітарныя пытанні практычна не былі закранутыя. Я асабіста падзяляю расчараванне спадара пасла Фрыша".