Грамадскае абмеркаванне лібералізацыі заканадаўства

24 января 2016

Яшчэ адна тэма тыдня. Тут кожны можа адчуць сябе экспертам і, што важна, любы голас так ці інакш можа паўплываць на канчатковае рашэнне. Размова ідзе пра грамадскае абмеркаванне, арганізаванае МУС. Пунктаў шмат.

Магчымыя крокі па лібералізацыі заканадаўства зараз бурна абмяркоўваюць у Інтэрнэце. Акрамя хуткасці, напрыклад, такое: не штраф, а толькі папярэджанне за курэнне або распіванне піва ў грамадскім месцы, за пераход праезнай часткі па-за пешаходнай зонай або за прагулку без флікера ў цёмны час сутак.

Гэта папярэднія вынікі галасавання. На сённяшні дзень у праекце прынялі ўдзел больш як 50 тысяч чалавек. Кожны з іх выказаў сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні. А вось самыя папулярныя прапановы, якія хочуць падтрымаць беларусы. Бадай, найбольшую цікавасць выклікаў пункт, які можа дазволіць вадзіцелям забыцца правы дома. Яго падтрымалі 93% тых, хто прыняў удзел у галасаванні. За тое, каб міліцыянеры не штрафавалі, а папярэджвалі тых прахожых, хто крыху перабраў з алкаголем, але пры гэтым не парушае закон, свой голас аддалі 87%. І тройку лідараў замыкае прапанова павялічыць з 400 да 1 000 еўра памер шкоды, прычыненай у выніку ДТЗ, пры якім вадзіцелі машын маюць права не паведамляць у ДАІ аб здарэнні. 80% галасоў за. Пра астатнія ініцыятывы можна даведацца на афіцыйным партале МУС, а таксама ў сацыяльных сетках.