Пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Іракам гаварылі на гэтым тыдні ў Палацы Незалежнасці

12 апреля 2015

Пра гандлёва-эканамічнае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва з Іракам гаварылі на гэтым тыдні ў Палацы Незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам замежных спраў гэтай блізкаўсходняй краіны Ібрагімам аль-Джафары. Дыпламатычным адносінам нашых дзяржаў амаль 20 гадоў, але тавараабарот пакуль на нязначным узроўні.

Пасля працяглай вайны эканоміка Ірака толькі пачынае аднаўляцца. Краіна развівае прамысловасць і сельскую гаспадарку і гатовая пераняць беларускі вопыт. Таксама гэтай дзяржаве на Блізкім Усходзе патрэбна дапамога ў аднаўленні разбураных гарадоў, тут могуць дапамагчы нашы архітэктары і будаўнікі.

Асобны раўнд перамоў прайшоў і ў беларускім МЗС. Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі інвестыцыйныя праекты. Іракскія бізнесмены гатовыя ўкладваць у беларускія прадпрыемствы. Для гэтага неабходна спрашчэнне візавага рэжыму, прамыя авіязносіны паміж сталіцамі і адкрыццё беларускага консульства ў Багдадзе. Таксама па выніках сустрэчы быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве ў галіне спорту і турызму.