Улады краіны перайшлі ад пагроз да дзеянняў. Напярэдадні падчас экстраннага пасяджэння ўрада было прынята рашэнне задзейнічаць 155-ы артыкул канстытуцыі. Ён дазваляе прыпыніць самакіраванне Каталоніі і прымусова ўвесці прамое кіраўніцтва рэгіёнам з Мадрыда. Гэта беспрэцэдэнтная мера, якую яшчэ не выкарыстоўвалі ў гісторыі сучаснай адзінай Іспаніі.
Цалкам уступіць у сілу артыкул зможа на наступным тыдні - пасля адабрэння сенатам. Тады ў кіраўніка аўтаноміі Карлеса Пучдэмона будзе некалькі дзён на тое, каб скласці паўнамоцтвы. У адваротным выпадку ён рызыкуе быць арыштаваным. Пакаранне за сепаратызм, паводле іспанскіх законаў, суровае - да 30 гадоў турмы. Пучдэмон ужо назваў дзеянні Мадрыда атакай на дэмакратыю. І, паводле інфармацыі мясцовых СМІ, мае намер заўтра абвясціць незалежнасць рэгіёна.













