Новыя падыходы ў кіраванні беларускімі прадпрыемствамі

12 февраля 2017

Новыя падыходы ў кіраванні беларускімі прадпрыемствамі на тыдні сталі нагодай нарады ў Прэзідэнта. На абмеркаванне быў вынесены праект указа, які дазволіць павысіць эфектыўнасць працы прадпрыемстваў. Размова ідзе пра так званы інстытут давернага кіравання. Галоўная мэта - вывесці нерэнтабельныя вытворчасці на стабільны прыбытак. Гэта значыць яны перадаюцца ў часовае кіраванне тэрмінам да 5-ці гадоў.

Праект указа, які прапануецца ўрадам, можа закрануць больш чым 2 тысячы дзяржарганізацый, у іх ліку звыш 350-ці сельскагаспадарчых. Адсюль і заканамерныя пытанні ад улады. Ці дапаможа новы ўказ павысіць эфектыўнасць працы праблемных прадпрыемстваў? Нязменнае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы - дасканалы пралік і мэтазгоднасць усіх новаўвядзенняў.

Давернага кіраўніка вызначыць конкурс. Кантроль па-ранейшаму застаецца за дзяржавай. У выпадку належнага выканання ўмоў дагавора часовы кіраўнік мае права стаць уласнікам. Плюс да ўсяго ўказ прадугледжвае вызваленне ад зямельнага падатку і арэнднай платы за ўчасткі, падатку на нерухомасць.