Новыя прызначэнні. Курыраваць АПК ва ўрадзе будзе Уладзімір Дворнік

7 апреля 2019

Да гэтага моманту ён займаў пасаду старшыні Гомельскага аблвыканкама. Прайшоў добрую школу не толькі абласнога ўзроўню, што важна для працы ў кіраўніцтве ўрада, але і ў сферы сельскай гаспадаркі. Дарэчы, на губернатарскай пасадзе  прапрацаваў даўжэй за ўсіх сваіх цяперашніх калег.

Дарэчы, менавіта вопыт і прафесіяналізм Уладзіміра Дворніка пры прызначэнні адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

А вось Анатоль Хацько, прызначаны міністрам сельскай гаспадаркі,  профільны эксперт у жывёлагадоўлі. І ў гэтай сферы ў краіне хапае праблем, так што такі вопыт, безумоўна, спатрэбіцца. Новаму міністру трэба не толькі з галавой акунуцца ў гарачую пасяўную кампанію, але і дабіцца захавання тэхналогій і парадку на месцах.

Цікава, што і новы міністр, і экс-кіраўнік Мінсельгасхарча  нарадзіліся і выраслі ў Слуцкім раёне. Багатая гэтая зямля таленавітымі аграрыямі.

Што тычыцца Леаніда Зайца, то ён заняў пасаду старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Рашэнне прынята не проста па слядах убачанага на асобнай ферме, а стала вынікам шэрагу недапрацовак у рэгіёне ў прыватнасці, і ў сельскай гаспадарцы ў цэлым. І гэта прытым, што Кіраўнік дзяржавы неаднаразова раней выказваў незадаволенасць, папярэджваў ужо былое кіраўніцтва Магілёўшчыны пра наступствы, калі не будзе выніку.

Працаваць новы губернатар Леанід Заяц будзе ў звыклым для яго тандэме.

На пасаду памочніка Прэзідэнта - інспектара па Магілёўскай вобласці накіраваны Міхаіл Русы. І першы, і другі - людзі вопытныя, так што цалкам заканамерна, што менавіта такіх кіраўнікоў Прэзідэнт накіроўвае ў рэгіён, які павінен выйсці на добрыя паказчыкі.