Новая праграма МВФ

6 декабря 2015

Наконт перамоў па праграме пашыранага фінансавання з МВФ на тыдні гаварылі ў Палацы Незалежнасці. Галоўны пасыл - Беларусь зацікаўленая ў крэдыце фонду з улікам нацыянальных інтарэсаў. Місія МВФ пабывала ў Мінску ў лістападзе і абмяркоўвала праграму эканамічных мер, якая можа быць падтрыманая крэдытам на 3 мільярды долараў на 10 гадоў пад стаўку крыху больш за два працэнты. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэты крэдыт выгадным ва ўсіх адносінах. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што ўсё неабходна рабіць разумна і ўзважана.

Як стала вядома на тыдні, МВФ уключыў юань у кошык ключавых міжнародных рэзервовых валют і тым самым прызнаў эканоміку Кітая дастаткова надзейнай. Такі сімвалічны сэнс змянення валютнага кошыка. Юань далучыўся да прэстыжнага клуба долара ЗША, еўра, ены і фунта стэрлінгаў. Яны ўтвараюць штучны рэзервовы і плацежны сродак, створаны МВФ у 1969 годзе. Структура кошыка пераглядаецца кожныя пяць гадоў. Рашэнне фонду ўступае ў сілу ў кастрычніку наступнага года.