Тыдзень сенсацый з удзелам беларускіх спартсменаў

4 марта 2018

Пачаліся яны яшчэ ў мінулую суботу, калі Брэсцкі гандбольны клуб імя Мяшкова абгуляў французскі ПСЖ. Гэты клуб у гандболе падобны на футбольны - мае фактычна неабмежаваныя фінансавыя рэсурсы і можа сабе дазволіць аплаціць кантракт любога гульца планеты. Але за тое, што не ўсё вырашаюць грошы, мы і любім спорт. У заключным хатнім матчы групавога этапа Лігі чэмпіёнаў БГК мацнейшы чым дзеючы сярэбраны прызёр турніру, 29:28.

У панядзелак мяшкоўцаў падтрымалі баскетбалісты, толькі ўжо на ўзроўні зборных. Хацелася б адзначыць дзеянні 21-гадовага Максіма Салаша. Ён заслужана быў прызнаны лепшым у той вечар - 20 ачкоў і 10 падбораў. У баскетболе такая статыстыка - прыкмета высокага класа. Перамога стала першай для нашай каманды ў чатырох гульнях адбору. У наступны раўнд выйдуць чатыры каманды, і пакуль усё ў нашых руках. Засталіся гасцявыя матчы ў Чарнагорыі і Іспаніі. У выпадку поспеху на Балканах з вялікай доляй верагоднасці хлопцы Аляксандра Круцікава пройдуць далей.

Кароль скрэтча па прозвішчы Каралёк. Адзін з лідараў беларускай каманды ў галандскім Апелдорне ўзяў золата чэмпіянату свету па веласпорце на трэку ў сваёй кароннай дысцыпліне. Не было роўных у гэтым відзе Яўгену Каральку і на фінальным этапе Кубка свету ў студзені на авале "Мінск-Арэны". А ў мінулым сезоне Яўген выйграў агульны залік Кубка ў скрэтчы і стаў чэмпіёнам Еўропы. Скрэтч - дысцыпліна неалімпійская, але наш трыумфатар упэўнены ў сваіх сілах і ў іншых відах, якія ўваходзяць у праграму Гульняў, напрыклад, у мэдысане. Зараз у яго планах - медаль Алімпіяды Токіа.

І, нарэшце, трыумф дзяўчат. Куды без іх у беларускім спорце! Пасля выхаду "Мінчанкі" на расійскую "Уралачку" ў чвэрцьфінале валейбольнага Кубка ЕКВ - гэта другі па сіле еўракубкавы турнір кантынента - мала хто меркаваў, што для беларусак гэтыя сустрэчы не апынуцца заключнымі на міжнароднай арэне ў сезоне. Аднак каманда трэнера-максімаліста Віктара Ганчарова ставіць перад сабой вельмі высокія мэты. Самае галоўнае - пакуль іх дабіваецца! "Уралачку" беларускі абгулялі двойчы - і ў гасцях (3:1), і дома (3:0). Так, зараз гэтая каманда перажывае змену пакаленняў і ў чэмпіянаце Расіі толькі ў сярэдзіне табліцы. Але заслуг нашых дзяўчат прымяншаць не будзем. Лепш падтрымаем іх - ды і ўсіх нашых спартсменаў - усе свае здзяйсненні яны робяць для нас, балельшчыкаў!