Тыдзень адзначаны шэрагам кадравых рашэнняў Прэзідэнта

18 декабря 2016

Гэты тыдзень адзначаны і шэрагам кадравых рашэнняў.  Кіраўнік дзяржавы прызначыў адразу двух новых міністраў - адукацыі, а таксама  працы і сацабароны. Прэзідэнт  асабліва падкрэсліў тую ўвагу, якая надаецца падбору кіруючых кадраў. Усе кандыдатуры падрабязна абмяркоўваліся і разглядаліся на прадмет як прафесійных, так і асабістых якасцяў.

Партфель міністра адукацыі атрымаў Ігар Карпенка - не толькі перакананы і прынцыповы камуніст, але і віцэ-мэр сталіцы. Па адукацыі педагог, апошнім часам чытаў лекцыі і вёў семінары ў Акадэміі кіравання.

Варта адзначыць, што беларуская сістэма адукацыі не раз крытыкавалася з боку Кіраўніка дзяржавы. Аляксандра Лукашэнку не задавольвалі падручнікі, зарплаты настаўнікаў, цэнтралізаванае тэстыраванне. Прэзідэнт адзначыў, што перад новым кіраўніком міністэрства стаіць шмат задач па развіцці і вырашэнні розных праблемных пытанняў у адукацыі. У тым ліку гаворка ідзе аб далейшай рэалізацыі вызначанай для гэтай сферы канцэпцыі, аб удасканаленні навучальных праграм.

Новы міністр працы і сацабароны Валерый Малашка раней працаваў у Магілёўскім аблвыканкаме. На ўзроўні намесніка як раз курыраваў занятасць і сацыяльную абарону. Даючы згоду на гэтае прызначэнне, Кіраўнік дзяржавы паставіў выразную задачу: міністэрства павінна стаць лакаматывам эфектыўнай занятасці ў краіне. Усе рашэнні павінны брацца не з паветра, а зыходзячы з рэальнага жыцця працоўных калектываў. Адно з самых актуальных пытанняў, вядома, зарплата. Планка ў 500 долараў сярэдняй зарплаты па краіне застаецца галоўным арыенцірам.

Сур'ёзнае абнаўленне атрымала і ўлада на месцах. У прыватнасці - гомельская кіраўнічая вертыкаль.  Прэзідэнт даў згоду па трох кандыдатах: Андрэй Канюшка, намеснік старшыні аблвыканкама, Ігар Аслюк і Алена Паўлечка з гэтага часу кіраўнікі Чачэрскага і Мазырскага райвыканкамаў.