Тыдзень быў насычаным на візіты ў Мінск высокапастаўленых гасцей з-за мяжы

19 марта 2017

Гэты тыдзень апынуўся насычаным на візіты ў Мінск высокапастаўленых гасцей з-за мяжы. І такая палітычная геаграфія вельмі ярка дэманструе беларускую шматвектарнасць.

У ліпені гэтага года наша краіна прыме форум сусветнага маштабу - у Мінску пройдзе летняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ. І як раз падрыхтоўку да гэтай знакавай падзеі з Прэзідэнтам у чацвер абмеркавала Старшыня Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен.

Дэлегацыя з Астаны, напэўна, стане актыўным удзельнікам гэтага саміту. Нашу краіну на тыдні наведаў кіраўнік Мажыліса парламента Казахстана Нурлан Нігматулін. На сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы абмеркавалі двухбаковыя адносіны - як палітычныя, так і эканамічныя.

Пытанні ўзаемадзеяння сталі ключавымі і падчас перамоў з прадстаўнікамі адразу дзвюх уплывовых сусветных фінансавых арганізацый. У сераду Прэзідэнт сустрэўся з топ-менеджарам Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця Філіпам Бенетам. Банк мае намер нарасціць інвестыцыйную прысутнасць у транспартнай сферы і ЖКГ.

А ўжо ў чацвер у Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча беларускага лідара з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам. Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве з МВФ пры ўмове выконвання нашых нацыянальных інтарэсаў.

Далей - курс на Афрыку. Поўнамаштабнае ўзаемадзеянне з Егіптам стала галоўнай тэмай перамоў Прэзідэнта з дзяржаўным міністрам ваеннай прамысловасці гэтай краіны. Пасля студзеньскага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Каір гэта ўжо другая ўрадавая дэлегацыя з Егіпта.

Не застаўся без увагі і наш асноўны знешнегандлёвы партнёр - Расія. Прэзідэнт на тыдні прыняў губернатара Стаўрапольскага краю. У Беларусі і гэтага расійскага рэгіёна сапраўды шмат пунктаў судакранання. Сферы разнастайныя - ад будаўніцтва і да навукі.