Сапраўдная археалагічная сенсацыя

21 августа 2016

У Навагрдскім раёне, у вёсцы Лаўрышава (некалі цэнтр Вялікага Княства Літоўскага), знойдзеная невядомая крыпта і два старажытныя саркафагі з астанкамі людзей. Знаходкі, якія могуць папоўніць спіс самых гучных гістарычных адкрыццяў і праліць святло на таямніцы адной з найстаражытнейшых апор праваслаўя Беларусі.

Загадкі гісторыі - у рэпартажы Алены Борматавой.

Таямніцы летапіснага часу адкрыла Свята-Успенская царква ў Лаўрышаве. Яна ўзводзілася ў 18 стагоддзі на месцы старажытнага манастырскага храма. Сёння, амаль праз 240 гадоў, храмавыя сцены ўсё тыя ж - з хвоі, з якой ніколі не бралі смалу. Пад дошкамі падлогі - сенсацыйная знаходка. Невядомая крыпта.

Культавае памяшканне было засыпана зямлёй. Верагодней за ўсё, у 19 стагоддзі, калі закрывалі манастыр у Лаўрышаве. Археолагі вывезлі некалькі тон грунту, перш чым дабраліся да галоўнай знаходкі - двух каменных саркафагаў.

У адным з саркафагаў знаходзілася рака з астанкамі. Тут жа і святыя прадметы - крыж з каштоўнымі камянямі і два медальёны. Знаходкі ўказвалі на тое, што гэта астанкі некалі ўшанаванага чалавека. Аб тым, што крыпту наведвалі часта, гаворыць і архітэктура памяшкання. Зараз плануюць яе аднавіць і абсталяваць уваход.

Астанкі адправілі на антрапалагічную экспертызу ў Акадэмію навук Беларусі. Навукоўцы ўстанавілі - у крыпце знойдзеныя астанкі траіх чалавек мужчынскага полу. Адзін з іх - дзіця ад 12 да 14 гадоў. Другі - мужчына гадоў 25, і трэці - чалавек пажылога ўзросту. Ад 60 і старэйшы.

Астанкі самага пажылога чалавека і выклікалі найбольшую цікавасць археолагаў, даследчыкаў і духоўных асоб. Бо яшчэ да экспертыз з'явілася версія аб магчымым здабыцці раней згубленых мошчаў Елісея - святога, кананізаванага праваслаўнай царквой больш як 500 гадоў таму.

Астанкі адпраўляюць на радыявугляродны аналіз. Яго ў Беларусі праводзіць адзіны спецыяліст. Сутнасць аналізу - устанавіць радыявугляродны ўзрост. Рэч у тым, што любы чалавек, кожны з нас, у працэсе жыцця ў арганізме назапашвае радыявуглярод - С14, а калі чалавек памірае, гэтае назапашванне спыняецца. Удаецца ўстанавіць і дату смерці чалавека, і час пахавання.

Першапачаткова касцяны матэрыял чысціцца ад вугляроду, сушыцца без доступу кіслароду ў печы з тэмпературай 800 градусаў. Затым яго раскладваюць з дапамогай вады да атрымання бензолу. Гэтае хімічнае злучэнне лепш за ўсё падыходзіць для вызначэння ўзросту. У спецыяльнай прабірцы яго адпраўляюць у бэта-лічыльнік. Узрост лаўрышаўскай знаходкі лічылі 2 дні. Пахаванню больш як 500 гадоў.

З навуковых лабараторый астанкі прывезлі ў Лаўрышаўскі манастыр. Іх змясцілі ў царкве для глыбокай пашаны. Для таго каб з духоўнага пункта гледжання прызнаць астанкі мошчамі, трэба вялікая колькасць пацверджанняў або, як гавораць духоўныя асобы, мошчы павінны самі выявіць сябе. Усе цуды, якія будуць адбывацца - вылячэнні і прашэнні людзей, будуць фіксавацца і перадавацца ў епархіяльнае ўпраўленне.

Святыя астанкі выстаўленыя ў алтары царквы. Пакланяцца ім могуць пакуль толькі манахі і вернікі мужчынскага полу. Жанчынам уваход у алтар - за царскія вароты - строга забаронены. Царкоўныя каноны непарушныя. Нават на здымках да святыні дапусцілі толькі аператара.

ігумен Яўсевій, намеснік Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра: "Зараз меркаваныя астанкі прападобнага Елісея знаходзяцца ў храме-хрысцільні нашага манастыра. Я вам зараз іх пакажу. Вось, калі ласка, прападобны Елісей, малі Бога пра нас".

За час правядзення раскопак, а ў Лаўрышаве яны працягваюцца шосты сезон, удалося разгадаць адразу некалькі таямніц нацыянальнай гісторыі і, першым чынам, тое, што заставалася невядомым шматлікія стагоддзі - першапачатковае месца Лаўрышаўскага манастыра. Атрымалася знайсці падмуркі старажытнага манастыра і ўстанавіць, што менавіта Лаўрышава з'яўлялася цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага, паколькі менавіта ў манастыры жыў і працаваў тагачасны кіраўнік дзяржавы - вялікі князь Войшалк.

Сяргей Рассадзін, кіраўнік раскопак, доктар гістарычных навук, прафесар: "Маецца гістарычны дакумент 16 стагоддзя, у якім Лаўрышаўскі манастыр названы лаўрай, і таму я мару аб тым дні, калі ў нас у Беларусі з'явіцца Елісееўская лаўра".

Нягледзячы на некалькі праведзеных экспертыз, версія аб магчымым здабыцці мошчаў Елісея павінна падмацоўвацца фактамі. Каб з разраду гіпотэзы перайсці ў разрад святыні. Астанкі накіруюць яшчэ на іонны аналіз і правядуць экспертызу ДНК.