Даступнасць адукацыі, магчымасць атрымаць добрую спецыяльнасць і быць запатрабаваным на рынку працы - гэта адна з Мэт устойлівага развіцця, прынятых тры гады таму краінамі - членамі ААН да 2030 года. Сусветныя лідары паабяцалі пакласці канец галечы, голаду, дыскрымінацыі, глабальнаму пацяпленню на планеце. Да праекта далучыліся 193 дзяржавы, у тым ліку і Беларусь.
Аб поспехах нашай краіны ў дасягненні гэтых Мэт гаварылі на тыдні ў Палацы Незалежнасці. У размове з нацыянальным каардынатарам Мар'янай Шчоткінай Прэзідэнт адзначыў - альтэрнатывы працы па дасягненні Мэт няма, а ў іх рэалізацыі зацікаўлена кожная дзяржава. Шматлікія задачы планетарнага маштабу ўтрымліваюцца ў нацыянальных праграмах. Напрыклад, садзейнічанне развіццю бізнесу.
Беларусь ужо трымае курс у гэтым кірунку. Так, у 2017 годзе Кіраўнік дзяржавы падпісаў пакет дакументаў па разняволенні дзелавой ініцыятывы. Міністэрства эканомікі распрацавала план новай індустрыялізацыі рэгіёнаў, дадатковыя гарантыі і прывілеі атрымалі інвестары. Або, скажам, садзейнічаць працаўладкаванню сваіх грамадзян - на гэта накіраваны Дэкрэт №1 - таксама адна з планетарных задач. У інтэрв'ю для праекта "Размова ў Прэзідэнта" Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што дакумент, у першую чаргу, адкрывае людзям магчымасці.













