Нашы карэспандэнты перадаюць з Заходняй Еўропы

15 февраля 2015

Зараз адправімся ў Заходнюю Еўропу. З Берліна і Парыжа сумесны рэпартаж маіх калег Вікторыі Сянкевіч і Дзмітрыя Бачкова. Пра тое, як ацэньваюць галоўную палітычную навіну тыдня палітыкі і эксперты.

Расказвае Вікторыя Сянкевіч: Тут, у сталіцы адной з краін "нармандскай чацвёркі", на тыдні з трывогай і надзеяй прыслухоўваліся да пульса сусветнай геапалітыкі, які біўся ў Мінску. Еўропа чакала вынікаў шматгадзінных перамоў Меркель, Аланда, Пуціна і Парашэнкі, якія сустрэліся пад беларускім флагам. Чакала з надзеяй на мір ва Украіне, а значыць - стабільнасць усяго рэгіёна.

Райнер Лінднер, выканаўчы дырэктар Усходняга камітэта нямецкай эканомікі: "Беларускі бок стварыў беспрэцэдэнтныя ўмовы для таго, каб гэта сустрэча адбылася. Добра, што Прэзідэнт Беларусі зрабіў усё магчымае, каб гэта сустрэча адбылася. Думаю, Беларусь зрабіла вялікі крок у бок еўрапейскай дыпламатыі. Гэта важны сігнал і для Беларусі. Вядома, зараз мы спадзяёмся, што вынікі сустрэчы будуць рэалізаваны. І, калі я правільна разумею, Беларусь акажа падтрымку ў працэсе будучага маніторынгу сітуацыі "нармандскай групай". Не выключаю, што мы яшчэ ўбачым сустрэчы дыпламатаў у Мінску".

Крысціян Віперфюрт, эксперт Цэнтра Цэнтральнай, Усходняй Еўропы, Расіі і Сярэдняй Азіі германскага таварыства знешняй палітыкі (DGAP): "Думаю, еўрапейскія палітыкі адчуваюць аблягчэнне і падзяку ў дачыненні да Мінска, бо гэта сустрэча ў прынцыпе стала магчымай. У якім-небудзь іншым месцы, хутчэй за ўсё, яна б не адбылася".

Мінскія пагадненні - зараз тут тэма нумар адзін. На час еўрапейцы адклалі ў бок хваляванні наконт сваіх унутраных пытанняў. Сочаць за выпускамі навін. Трэба сказаць, што нас - беларускае тэлебачанне - тут пазнавалі, ахвотна ішлі на кантакт, давалі каментарыі. Вельмі жывая рэакцыя на словы "Мінск, Беларусь", якія сталі своеасаблівым паролем, сімвалам мірных працэсаў.

Тут, у краіне некалі падзеленай, асабліва разумеюць каштоўнасць міру і стабільнасці. Мінск называюць сталіцай сусветнай дыпламатыі. Гістарычныя падзеі перажываем мы. Так, наперадзе ў палітыкаў - вялікая праца. Але нашы суразмоўцы тут, у Берліне, канстатуюць: гісторыя міру пішацца на беларускай зямлі. І гэта не можа не адыграць сваю ролю ў адносінах Беларусі і Захаду. Скажу так, настроі тут пацяплелі.

Марцін Хофман, выканаўчы дырэктар Германа-расійскага форуму, член праўлення"Пецярбургскага дыялогу": "Вядома, гэта можа адыграць сваю ролю. Гэта, безумоўна, можа адыграць сваю ролю, каб Заходняя і Усходняя Еўропа (уключаючы Беларусь, Украіну і Расію) аб'ядналіся. Упэўнены, гэта мае вырашальнае значэнне. Мы павінны падумаць аб збліжэнні Еўропы з Беларуссю, з Расіяй, з Украінай. Па сутнасці, усё гэта Еўропа. Усе гэтыя самастойныя дзяржавы адносяцца да Еўропы. І мы павінны збліжацца. І ў гэтым сэнсе для Мінска гэта вялікая магчымасць. Але і для нас, еўрапейцаў, таксама, каб зразумець, што Мінск, Беларусь займае важную пазіцыю пасрэдніка ў гэтым працэсе аб'яднання".

Аляксандр Рар, навуковы дырэктар Германа-расійскага форуму: "Той факт, што сустрэча адбылася ў Мінску, умацоўвае Еўразійскі саюз. Калі дарожная карта, якая была вырашана ў Мінску, будзе рэалізавана, то ў канцы гэтай рабочай карты адновіцца дыялог паміж Еўрапейскім саюзам і краінамі Еўразійскага саюза".