Гэты тыдзень у Беларусі быў адзначаны самым кранальным і душэўным святам. Напярэдадні краіна адзначыла Дзень маці.
Здавалася б, простае слова - мама. Мы чуем яго з першых дзён жыцця, але як шмат значыць яно для кожнага з нас і, мабыць, для тых, хто быў пазбаўлены матчынага цяпла. А таму схіляючыся перад кожнай беларускай маці, словы асаблівага прызнання адрасуем тым, хто ўзяў пад сваё крыло юных сірот, стаўшы для іх па-сапраўднаму родным чалавекам.
Дзень маці - гэта не толькі даніна глыбокай пашаны беларускім жанчынам. Гэта прызнанне на дзяржаўным узроўні найважнейшай ролі жанчыны ў развіцці грамадства і пацвярджэнне таго, што сям'я і мацярынства з'яўляюцца прыярытэтамі сацыяльнай палітыкі краіны. Пра гэта, мабыць, лепш за любыя словы скажа з'яўленне на свет маленькіх беларусаў. Штогод больш за 100 тысяч жанчын нашай краіны становяцца мамамі. Тысячы беларусак удастоеныя і ордэна Маці. Сёння ласкавы зварот "мама" - не проста гонар, але і вялікая адказнасць, у тым ліку і для краіны.
А таму па традыцыі, якой, дарэчы, ужо больш за 20 гадоў, шчырыя словы падзякі ў адрас беларускіх маці гучалі на працягу ўсяго тыдня. Ва ўсіх кутках Беларусі прайшлі святочныя канцэрты і акцыі. І, вядома, у гэты дзень асабліва шануюць Маці ўсіх матуль, апякунку дзяцей, заступніцу сям'і - Дзеву Марыю. Сімвалічна Дзень маці ў Беларусі прымеркаваны да вялікага праваслаўнага свята - Пакровы Прасвятой Багародзіцы.













