Напярэдадні свет адзначыў Дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

12 Красавіка 2015

За тры гады акупацыі ў Беларусі за калючым дротам загінула амаль паўтара мільёна чалавек. 380 тысяч вывезлі для катаржных прац у Германіі.

Сёння напамінам аб зверствах нацызму служаць трубы крэматорыяў у краінах Еўропы і памятныя мемарыялы ў кожным рэгіёне Беларусі. Тых, хто выжыў і памятае падзеі сямідзесяцігадовай даўнасці, з кожным годам становіцца ўсё менш, але ўсё-такі яны ёсць. 

Руслан Туркоў сустрэўся з чалавекам, які не толькі выжыў у канцэнтрацыйным лагеры Заксенхаўзен, але і ўцёк адтуль.

Баракі, аб якіх гаворыць Мікалай Цішкоў, у свой час былі разлічаныя на 50, а мясцілі да некалькіх соцень чалавек. 70 гадоў таму ён аказаўся ў эпіцэнтры нацысцкіх злачынстваў - галоўным лагеры гітлераўскага рэйха - Заксенхаўзене.

Мікалай тры гады правёў у Заксенхаўзене. На яго вачах спальвалі людзей у крэматорыі, вешалі і праводзілі медыцынскія эксперыменты. Гаворыць, да гэтага часу памятае пах, які лунаў у паветры над лагерам. А яшчэ лічыць сябе шчасліўчыкам - ён трапіў у невялікую колькасць тых, каму ўдалося не толькі выжыць, але і ўцячы.

У адзін з налётаў савецкай авіяцыі была разбураная сцяна лагера, і Мікалай аказаўся на волі. Далей уцёкі ў Польшчу і сустрэча з нашымі войскамі. Перамогу ён ужо сустракаў у радах дзеючай арміі.

Дырэктар музея ў Заксенхаўзене Гюнтэр Морэш асабіста праводзіць нам экскурсію па былым лагеры. Тут развеяна, гаворыць ён, каля 9 тон чалавечага попелу - лічбы шакіруюць. На ўваходзе назіральная вежа. Тут на другім паверсе, калісьці стаяў кулямёт і ахоўнік сачыў за тым, як праходзяць, напрыклад выпрабаванне абутку для салдат вермахта.

Гюнтэр Морэш, дырэктар гістарычнага музея Заксенхаўзен: "Па заказе абутковай прамысловасці Германіі, а гэта каля 40 кампаній, быў створаны спецыяльны ўчастак для выпрабавання падэшваў. Штодня да 200 вязняў праходзілі па гэтай дарозе да 50 кіламетраў. Многія не вытрымлівалі такога марафона і паміралі прама на месцы".

У 2007 годзе на тэрыторыі лагера Заксенхаўзен з'явілася мемарыяльная дошка ў памяць аб закатаваных вязнях з Беларусі. Выкананая яна ў выглядзе фрагмента адзення зняволенага і прастрэленая пасярэдзіне.

У гады вайны ў Германію на катаржныя працы было вывезена каля 380 тысяч беларусаў. Амаль паўтара мільёна загінула ў канцэнтрацыйных лагерах на тэрыторыі нашай рэспублікі. І такіх фабрык смерці ў Беларусі было амаль тры сотні. І тут аб гэтым не забываюцца.

Летась у Бабруйску з'явіўся свой мемарыяльны комплекс памяці ўсім, хто не вярнуўся з вайны. Выкананы ён у форме куба абцягнутага калючым дротам, за якой бачныя сілуэты людзей.

На тэрыторыі Бабруйскай крэпасці падчас вайны быў лагер для ваеннапалонных. 7 лістапада 41 года нацысты расстралялі тут 7 тысяч савецкіх салдат. Штосьці падобнае ў гэты час адбывалася і ў Магілёве.

Мікалай Барысенка, гісторык: "Гінулі сотні ваеннапалонных, якія далёка не везліся, а закопваліся прама там жа недалёка, у равах. І потым, калі будавалі новы мікрараён, пастаянна натыкаліся на касцяныя астанкі".

Трасцянец, Азарычы, Мінскае гета - Беларусь літаральна была ахінутая калючым дротам. Тыя, хто апынуўся за ёй, не забудуць таго кашмару ўжо ніколі.

Тым не менш, знаходзяцца людзі, якія ва ўгоду палітычнай кан'юктуры спрабуюць прыменшыць або абяліць злачынствы нацыстаў. І нават ставяць знак роўна паміж фашызмам, які заняволіў Еўропу, і савецкімі воінамі, якія зрабілі яе свабоднай. Але палітычная кан'юктура прыходзіць і сыходзіць, а трубы крэматорыя ў лагерах і "Воін-вызваліцель, які рассякае свастыку", заўсёды будуць служыць напамінам, ад якога зла выратаваў Еўропу савецкі салдат.