Нашы паўднёвыя суседзі працягваюць выбудоўваць свой шлях у вялікай палітыцы. Перадвыбарная прэзідэнцкая гонка ва Украіне зараз у самым разгары. Першы тур адбудзецца праз паўтара месяца - 31 сакавіка. І напярэдадні галасавання грамадзянам краіны прапанавалі вызначыць, на каго павінен раўняцца будучы кіраўнік дзяржавы ў стылі кіравання. Эксперты аналітычнага цэнтра "Новая Еўропа" канстатуюць: найбольш папулярным замежным палітыкам украінцы лічаць Прэзідэнта Беларусі.
Адказваючы на пытанне, з каго будучы прэзідэнт Украіны павінен браць прыклад і на чый стыль раўняцца ў прыняцці рашэнняў і палітычных паводзінах, большасць апытаных назвалі Аляксандра Лукашэнку. На другім месцы апынулася канцлер Германіі Ангела Меркель. На трэцім - прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ.
У топ-5 таксама ўвайшлі прэзідэнты Польшчы і ЗША. Астатнія кіраўнікі дзяржаў не пераадолелі трохпрацэнтны рубеж. Глабальнае даследаванне праводзілася ў чатыры этапы - у кожным прымалі ўдзел не меней за дзве тысячы грамадзян Украіны. Так што выбарка даволі сур'ёзная.













