Узнагароды на сукенкі і мундзіры. Ушанаванне да 8 Сакавіка

11 марта 2018

Гэтымі днямі мы ўсе сталі сведкамі зараджэння новай традыцыі ў сучаснай гісторыі Беларусі. Выключна жаночае свята гэтым разам дапоўнілася атмасферай самага сапраўднага рыцарства.

У Палац Незалежнасці запрасілі лепшых прадстаўніц краіны і тых, хто сваёй нялёгкай службай абараняе яе інтарэсы, каб на самым высокім узроўні павіншаваць і ўручыць заслужаныя ўзнагароды. Як адзначыў Прэзідэнт, для кожнага чалавека важныя матчына любоў, клопат і ўвага. Гэта тое, за што мы любім і шануем нашых жанчын. А вось для сапраўдных мужчын галоўнае - забяспечыць іх спакой.

У традыцыйнай экскурсіі па Палацы Незалежнасці гэтым разам была свая адметнасць: прэзентацыя праекта "Карціны, якія ажылі". На палотнах можна было ўбачыць вядомых беларусак, якія знайшлі сябе ў палітыцы, спорце і мастацтве. Мабыць, усе з цяперашніх гасцей былі годныя такога ж твора.

Напрыклад, шматдзетныя мамы, якія памножылі сваё шчасце на пяць і шэсць, удастоеныя вышэйшай узнагароды - ордэна Маці. Побач з хатнімі гаспадынямі, урачамі і педагогамі - алімпійскія чэмпіёнкі. І на іх плячах часта ляжыць груз нежаночых клопатаў. У іх адрас - лепшыя словы, віншаванні і падзяка ад Кіраўніка дзяржавы.

Унікальны выпадак, калі дзяржузнагароды ў адзін дзень упрыгожылі і святочныя ўборы, і парадныя мундзіры. Сваіх уладальнікаў знайшлі медалі Францыска Скарыны, "За працоўныя заслугі" і ордэны Маці. Ордэн Пашаны ўручылі Алене Бяловай - чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнцы па фехтаванні.

Алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана Ганна Гуськова ўзнагароджана ордэнам Айчыны 3-й ступені. Як і Ала Цупер, яна зараз заслужаны майстар спорту Беларусі. Зарад пазітыўных эмоцый і ўражанняў у гэты дзень атрымалі ўсе без выключэння.

Яшчэ ў гэты ж дзень прысвоены чарговыя воінскія і спецыяльнае міліцэйскае званні, адзначана праца работнікаў мытнай службы і пракуратуры. А пасля ўрачыстай часткі ўсе прысутныя ўпершыню ад імя Кіраўніка дзяржавы былі запрошаныя на прыём у Палацы Незалежнасці. Яго сімвалічна арганізавалі ў зале ўрачыстых цырымоній, дзе праходзяць самыя знакавыя дзяржаўныя мерапрыемствы: сустрэчы лідараў, інаўгурацыя Прэзідэнта і ўшанаванне алімпійцаў.