Начальнік прэс-службы КДБ аб "беларускім следзе"

27 марта 2016

Паралельна з тым, як развіваліся падзеі ў Бельгіі, сапраўдная дэтэктыўная гісторыя разгортвалася спачатку ў расійскіх СМІ, а затым і ў Беларусі. 22 сакавіка, у дзень тэракта, бліжэй да абеду тэлеканал Life News публікуе сенсацыйную інфармацыю - да атакі на Брусель могуць мець дачыненне трое выхадцаў з Беларусі. Ураджэнцы Гомеля Іван і Аляксей Доўбаш, а таксама нехта Марат Юнусаў.

Спасылаючыся на неназваную крыніцу, Life News паведамляе, 27-гадовы Аляксей Доўбаш першы прыняў іслам і звязаўся з радыкаламі. Пад уплывам старэйшага брата радыкальнымі плынямі пачаў цікавіцца і малодшы - 23-гадовы Іван. Паводле звестак расійскіх сілавікоў, браты нібыта далучыліся да атрада тэрарыстаў у Сірыі і пасля праходжання баявой падрыхтоўкі вылецелі ў ЕС.

У той жа дзень з каментарыем нашаму каналу выступае Камітэт дзяржбяспекі Беларусі. Яго сэнс такі: браты Доўбаш сапраўды выхадцы з Беларусі, Марат Юнусаў - з Расіі, але ў 90-я гады жыў у Гродне. Вышэйназваныя грамадзяне ў полі зроку спецслужб з 2014 года, з 2015 праверка вядзецца сумесна з ФСБ Расіі.