На нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўвалі дэмаграфічную сітуацыю ў краіне

24 февраля 2019

Тэма, якая хвалюе пераважную большасць беларусаў. Якімі могуць быць новыя механізмы падтрымкі сем'яў з дзецьмі? На тыдні на нарадзе ў Прэзідэнта абмяркоўвалі дэмаграфічную сітуацыю ў краіне.

Апошнім часам у Беларусі з'явілася тэндэнцыя да зніжэння колькасці насельніцтва. І гэта праблема, з якой зараз сутыкаецца большасць краін. Каб выправіць сітуацыю, прыняты важныя рашэнні, якіх няма ў іншых дзяржавах. Меры падтрымкі і стымулявання нараджальнасці ў Беларусі сёння адны з самых эфектыўных у Еўропе і свеце. 11 кірункаў - ад сямейнага капіталу да льготнай нерухомасці. Штогод на гэтыя мэты інвестуецца да 5 % ВУП.

Але, як папярэджваюць навукоўцы, нават гэтага можа быць недастаткова. Прэзідэнт прапануе ўважліва вывучыць усе нюансы: правесці рэвізію льгот і сістэматызаваць новыя прапановы з улікам меркавання беларусаў. А з усяго комплексу дзяржпадтрымкі зрабіць акцэнты на самых дзейсных пунктах.

Не менш важна і стварэнне спрыяльных умоў для тых, хто збіраецца нарадзіць дзіця. Ключавыя пазіцыі - гэта стабільная эканоміка, жыллё і матэрыяльнае становішча сем'яў. Таксама Мінпрацы і сацабароны лічыць правільным крокам магчымасць бясплатнага правядзення адной спробы ЭКА.