На тыдні ў Мінску прымалі дэлегацыю Малдовы на чале з прэзідэнтам Мікалаем ТЦімофці

19 июля 2015

Строгія сцены Палаца Незалежнасці і афіцыйны пратакол прыёму высокага госця не змаглі схаваць сяброўскай ноты ў сустрэчы двух лідараў. Прычым, гэта чыталася і ў жэстах, і ў словах. Напрыклад, калі гаварылі пра агульныя інтарэсы такіх розных саюзаў - Еўрапейскага і Еўразійскага. Зрэшты, зразумела, Мінску і Кішынёву ёсць пра што гаварыць і акрамя інтэграцый. Сотні мільёнаў тавараабароту не мяжа. Хочам і можам больш.

Рэпартаж Аляксея Адашкіна. 

Першы ў гісторыі дзвюх краін афіцыйны візіт Прэзідэнта Малдовы ў Беларусь адбыўся 15 гадоў таму, у чэрвені 2000 года. З тых часоў многае змянілася, у тым ліку і ў геапалітычным становішчы дзвюх дзяржаў. Малдова падпісала пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Беларусь увайшла ў Еўразійскі эканамічны саюз. Таму план перамоў Мікалая Цімофці ў Мінску ўключаў у сябе самае шырокае кола пытанняў.

Гэты візіт можна лічыць візітам у адказ. У верасні мінулага года Аляксандр Лукашэнка наведваў Кішынёў. Тады быў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў, праведзены бізнес-форум з удзелам больш як сотні мясцовых кампаній, а таксама адкрыты гандлёвы цэнтр беларускіх тавараў.

Палац Незалежнасці ўжо добра знаёмы Мікалаю Цімофці. І ў 2013, і ў 2014 прэзідэнт Малдовы наведваў Мінск у рамках самітаў СНД. Тады малдаўскі лідар, дарэчы, пасадзіў на Алеі ганаровых гасцей і вось гэту елку. Расце вечназялёнае дрэва, а разам з ім мацнеюць і адносіны паміж краінамі. Мікалай Ціимофці прыляцеў са значком "Малдова-ЕС" на лацкане пінжака, як бы падкрэсліваючы тым самым знешнепалітычны выбар сваёй краіны. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь успрымае як дадзенасць той факт, што Кішынёў арыентуецца на Брусель. І не драматызуе дадзеную сітуацыю.

З 2000 года ўзаемны гандаль паміж краінамі вырас больш як у 5 разоў, перасягнуўшы ў 2014 рэкордную адзнаку - 400 мільёнаў долараў. Такім чынам, Малдова з'яўляецца для Беларусі 4-м па гандлёва-эканамічнай значнасці партнёрам сярод краін СНД. Беларусь пастаўляе ў Малдову нафтапрадукты, трактары, грузавікі, керамічную плітку, бытавую тэхніку, лекі і нават аўтамабілі, выпушчаныя на беларуска-кітайскім прадпрыемстве. Адтуль ідзе паток тавараў, які ўключае вінныя і моцныя спіртныя напоі, садавіну, агародніну і свініну.

З-за расійскага эмбарга на пастаўкі малдаўскай прадукцыі беларускі рынак становіцца ўсё больш важным для Кішынёва. Так, ужо летась 42% усяго экспарту малдаўскай вінаробнай прадукцыі прыпала на нашу краіну.

Абедзве дзяржавы могуць выкарыстоўваць перавагі ад рознанакіраванай інтэграцыі. Супрацоўніцтва па лініі Мінск - Кішынёў можа стаць своеасаблівым мостам паміж двума маштабнымі рынкамі - ЕС і ЕАЭС. Прычым ад простага гандлю краіны паступова пераходзяць да вытворчай кааперацыі. У Малдове збіраюць беларускія трактары і тралейбусы. Падчас цяперашняга візіту Мікалая Цімофці дамовіліся і аб выпуску аўтобусаў МАЗ у Кішынёве.

Малдаўскія бізнесмены зацікаўлены ў перапрацоўцы сваёй плодаагародніннай прадукцыі ў Беларусі. Гэта пытанне сярод іншых абмяркоўвалі на беларуска-малдаўскім бізнес-форуме, які праходзіў паралельна з візітам прэзідэнта Цімофці.

Малдаўскі лідар наведаў і два беларускія прадпрыемствы. Так, МТЗ мае намер павялічыць аб'ёмы паставак у Малдову трактароў да пяці сотняў за год. Асаблівай папулярнасцю ў малдаўскіх фермераў сёння карыстаецца 921-ая мадэль. Гэты трактар зроблены спецыяльна для апрацоўкі вінаграднікаў.

На заводзе "Штадлер" Мікалаю Цімофці прэзентавалі магчымасці па вытворчасці ультрасучасных цягнікоў. Прэзідэнт не выключыў, што ў хуткім часе па чыгунках Малдовы будуць хадзіць саставы, сабраныя ў Беларусі.

Прэзідэнт Малдовы таксама сустрэўся з кіраўнікамі абедзвюх палат беларускага парламента.

Мікалай Цімофці знайшоў час і для наведвання Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе для яго правялі персанальную экскурсію. Нашы народы стаялі плячо ў плячо ў барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў. Маючы такое гераічнае агульнае мінулае, краінам зараз прасцей будаваць сумесную будучыню.