На тыдні ў Прэзідэнта абмеркавалі пытанні бяспекі і правапарадку

10 сентября 2017

Каб не чакаць у сябе міратворцаў, а самім быць творцамі міру, вельмі важна захоўваць стабільнасць у краіне: палітычную, эканамічную і ваенную. Асаблівая ўвага тут бяспецы і правапарадку. Актуальныя пытанні ў гэтай сферы на тыдні абмяркоўвалі ў Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладамі ключавых сілавікоў краіны.

Так, дзяржсакратар Савета Бяспекі далажыў пра вынікі кантролю першага этапу ўборачнай кампаніі. Ацэнка ў цэлым дадатная. Ёсць, вядома, факты п'янства, гультайства, нядбайнага стаўлення да тэхнікі і ўраджаю. Але комплексна спрацавалі добра. Не пакінулі ў палях дзясятую частку ўраджаю, а значыць, захавалі для краіны і аграрыяў звыш мільёна тон хлеба, або каля 200 мільёнаў долараў выручкі. Даручэнне - не аслабляць хватку да канца гарачай пары.

Генпракурор прачытаў справаздачу аб вяртанні пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці - гэта калі замежныя партнёры павінны нашым вытворцам за ўжо пастаўлены тавар. Зараз такіх даўгоў на кругленькую суму - паўмільярда долараў. У многіх выпадках ёсць падстава падазраваць дылераў як мінімум у некампетэнтнасці, а як максімум - у карупцыі. Даручэнне - уважліва перагледзець прававыя рамкі і працу дылерскай сеткі. Тэрмін жорсткі - адзін месяц.

Сістэмна прапрацавалі на нарадзе і такія вострыя пытанні, як абмежаванне продажу спіртнога і - шырэй - барацьба з алкагалізмам і сямейным насіллем, яно часцей за ўсё выкліканае алкаголем. Яшчэ адна сур'ёзная тэма - лібералізацыя адказнасці за эканамічныя злачынствы. Размова, вядома, пра тых, што не былі сумыснымі і не пацягнулі за сабою цяжкіх наступстваў для працоўных калектываў, крэдытораў, партнёраў па бізнесе і дзяржказны. Практыка па формуле "вярнуў грошы - можаш прасіць памілавання" ў Беларусі існуе даўно. Пытанне толькі ў яе пашырэнні і наданні сістэмнасці на ўзроўні закону.