На тыдні адбыліся тэлефонныя размовы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтамі Расіі і Украіны

13 ноября 2016

На тыдні адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі праблемныя аспекты ў беларуска-расійскім узаемадзеянні. Рашэнні па іх прапрацоўваліся ўрадамі дзвюх краін і будуць канчаткова прынятыя на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў, якая, згодна з папярэдняй дамоўленасцю, адбудзецца на працягу найбліжэйшых двух тыдняў.

І яшчэ адна тэлефонная размова на вышэйшым узроўні – на гэты раз па ініцыятыве ўкраінскага боку. У чацвер Аляксандр Лукашэнка з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам абмеркавалі двухбаковыя адносіны і перспектывы развіцця ўзаемнага гандлю. І тут кіраўнікі дзяржаў дамовіліся наконт асабістай сустрэчы, якая павінна адбыцца да канца года. І яшчэ адзін важны момант, на які, безумоўна, усе звярнулі ўвагу. Украінскі лідар прынёс выбачэнні за інцыдэнт з грамадзянскім самалётам авіякампаніі "Белавія" і праінфармаваў Прэзідэнта Беларусі, што вінаватыя пакараныя.

Прэзідэнты абмеркавалі і арганізацыю работы па мірным вырашэнні канфлікту ва Украіне. Беларускім бокам створаныя неабходныя ўмовы для прадукцыйнай працы трохбаковай кантактнай групы. Пётр Парашэнка ў сувязі з гэтым выказаў поўнае задавальненне і падзяку Беларусі за садзейнічанне. Адзначана, што Беларусь і надалей гатовая рабіць усё, каб ва Украіне запанаваў мір.