На тыдні Прэзідэнт прыняў з дакладам кіраўніка МУС Ігара Шуневіча

27 мая 2018

Калі пагранічная служба ахоўвае бяспеку на знешнім контуры краіны, то вось забяспечыць спакой унутры - задача МУС. На тыдні Прэзідэнт прыняў з дакладам кіраўніка ведамства Ігара Шуневіча.

Ён, дарэчы, яшчэ і кіраўнік наглядальнага савета хакейнага клуба "Дынама-Мінск", гульцы якога складаюць аснову зборнай. Таму гутарка ішла не толькі пра барацьбу са злачыннасцю, але і пра хакей. Правал нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету ў Даніі і вылет з эліты сталі вялікім расчараваннем для балельшчыкаў. Прэзідэнт зазначыў, што вынік заканамерны: каманда паказала, мякка гаворачы, не лепшую гульню. Таму Аляксандра Лукашэнку цікавіла, як будзе клуб развівацца далей. Зараз хакейнае міжсезонне - самы час для абмеркавання складу і стратэгіі беларускага прадстаўніка ў КХЛ. Сёння выпрацоўваецца новая тактыка і методыка ацэнкі вынікаў і падрыхтоўкі хакеістаў. Але вялікая гутарка аб развіцці гэтага віду спорту і пэўныя рашэнні яшчэ наперадзе.

Міністр далажыў і па профільным кірунку. Аляксандра Лукашэнку цікавіла, як складаецца сітуацыя ў барацьбе са злачыннасцю. У цэлым Ігар Шуневіч канстатаваў, што трымаецца пазітыўная тэндэнцыя. Сёлета колькасць зарэгістраваных злачынстваў і здарэнняў ідзе на спад. Асобна спыніліся на тэме барацьбы з наркапагрозай.

З незаконнага абарачэння сёлета канфіскавана амаль паўсотні кілаграмаў наркатычных сродкаў і псіхатропаў. У выніку прынятых жорсткіх мер зафіксавана паніжэнне злачынстваў у гэтай сферы. Паводле слоў міністра, у некаторай меры дыферэнцыяцыя адказнасці ўжо ёсць. Адпаведны артыкул Крымінальнага кодэкса размяжоўвае склады злачынства. За ўжыванне або збыт наркотыкаў прадугледжаная асаблівая адказнасць - ад ніжэйшай да больш высокай.