На тыдні свет успамінаў журботную дату

1 февраля 2015

Кіламетры калючага дрота, печы крэматорыяў і эшалоны з мільёнамі бязвінных вязняў. Жахлівыя па сваёй бесчалавечнасці падзеі, якія насуперак усяму цывілізаваны свет павінен памятаць. 70 гадоў мінула з таго дня, як над нацысцкім канцлагерам у польскім Асвенціме апошні раз узнімаўся дым, а вакол выкрыквалі загады салдаты СС.

На тыдні свет успамінаў журботную дату. Менавіта пасля 27 студзеня 1945 года, вызвалення канцэнтрацыйнага лагера савецкімі войскамі, у сусветнай гісторыі з'явілася такое паняцце - халакост. За час працы гэтай фабрыкі смерці лік загінуўшым ідзе на мільёны. Сярод іх былі і беларусы.

Расказвае Дзмітрый Смірноў. Калі падчас Нюрнбергскага працэсу над нацыстамі ў каменданта Аўшвіца Рудольфа Геса спыталіся пра колькасць загінуўшых у канцлагеры, ён ацаніў гэтую лічбу ў 2,5 мільёна чалавек. Але тут жа дадаў: гэта прыблізна. Сёння дакументальна пацверджана, што на фабрыцы смерці ў Асвенціме нацысты забілі мінімум 1,5 мільёна вязняў. Мужчын, жанчын і дзяцей. Больш дакладныя звесткі гісторыкам выявіць не ўдалося – на час вызвалення Аўшвіца адміністрацыя канцлагера пастаралася знішчыць любыя сведчанні сваіх зверстваў.

Кшыштаф Антончык, супрацоўнік музея "Аўшвіц-Біркенау": "У Аўшвіцы самыя вялікія ў свеце могілкі. Больш за паўтара мільёна чалавек, але тут няма трун - толькі попел. Усе целы былі спаленыя. Немагчыма з-за гэтага палічыць усіх загінуўшых. Многіх забітых нават нельга назваць вязнямі - яны не прабылі ў лагеры і некалькі гадзін, адразу з цягніка іх адводзілі ў газавыя камеры".

Праз 75 гадоў на галоўным уваходзе ў канцлагер па-ранейшаму вісіць той жа лозунг нацыстаў - Arbeit macht Frei ("Праца вызваляе"). Сёння ўвесь вялізны комплекс - тэрыторыя музея "Аўшвіц-Біркенау". Праўда, для вязняў, якія, здаецца, і сёння як наяве чуюць вокрыкі на нямецкай мове, гэта больш чым проста вяха сусветнай гісторыі. Так здарылася, што канцлагер стаў у літаральным сэнсе іх першым домам - малалетнія вязні Аўшвіца нарадзіліся тут.

Лявон Вайнтраўб, былы вязень канцлагера Аўшвіц-Біркенау: "Мы прыехалі раніцай пасля двух сутак дарогі. У нас не было вады, ежы. Калі адчынілі дзверы, мы ўбачылі людзей у піжамах у белую і блакітную палоску. Яны пачалі нам крычаць: "Хутчэй, хутчэй". Раптам я ўбачыў агароджу з калючым дротам. Гэта было шокам. Мужчыны налева, жанчыны направа. Я сказаў маме, што мы павінны потым сустрэцца ўнутры. Гэта апошні раз, калі бачыў сваіх сясцёр і маму".

Штодня з акупіраваных фашыстамі тэрыторый сюды па асобным чыгуначным пуці прыбывала каля 10 эшалонаў з людзьмі. У кожным такім цягніку было па 40-50 вагонаў. У кожным вагоне каля 100 чалавек.

У Аўшвіцы кожны барак, кожная печ, кожны метр калючага дрота - экспанат. Але некаторыя экспазіцыі былога канцлагера зразумелыя і без экскурсавода.

Гэтыя пустыя чамаданы гэтак жа, як і акуляры, каструлі і нават пратэзы - усё гэта асабістыя рэчы загінуўшых яўрэяў, рускіх, украінцаў, палякаў, беларусаў, цыган і яшчэ соцень тысяч людзей розных нацыянальнасцяў. Аўшвіц нездарма называюць фабрыкай смерці. Акрамя забойстваў і катаванняў, перш за ўсё здзіўляе практычнасць нацыстаў.

Кшыштаф Антончык, супрацоўнік музея "Аўшвіц-Біркенау": "Попелам ад спаленых цел пасыпалі лагерныя дарогі, попел з крэматорыяў раскідвалі на палях, угнойваючы глебу. Валасы вязняў адпраўлялі на тэкстыльную фабрыку. Прыводзіць у жах менавіта гэтая халодная практычнасць - камерцыйны падыход да жывых людзей".

Наконт умоў для вязняў тут асабліва не турбаваліся. За адну зіму пасля эпідэміі тыфу ў жаночым бараку ад хваробы памерла каля 30 тысяч жанчын. У кожнай фабрыкі свая норма. Была праектная магутнасць і ў Асвенціме. Крэматорыі за месяц маглі спальваць да 150 тысяч чалавек. У 1941-м лагер істотна павялічыў тэрыторыю. З'явіліся новыя баракі для першых савецкіх ваеннапалонных. Менавіта на іх ставілі эксперыменты па выкарыстанні газу "Цыклон Б", які пасля прымянялі ў газавых камерах Аўшвіца.

Тады ў 1945-м савецкія салдаты і не падазравалі, што вызваляюць адзін з найбуйнейшых канцэнтрацыйных лагераў фашыстаў. Аўшвіц быў аддзелены ад знешняга свету 40-кіламетровай забароненай зонай. Падобная адмежаванасць была на руку і яшчэ аднаму асабліва заўзятаму прыхільніку Трэцяга рэйха.

Прозвішча ўрача Ёзэфа Менгеле, якое стала хадзячай назвай, набыло сваю жахлівую вядомасць менавіта пасля Асвенціма. Яўгеніка, медыцынскія доследы. Ён асабіста адбіраў для сябе пацыентаў.

Як успамінаюць былыя вязні канцлагера, кожны раз, калі ў Аўшвіц прыходзіў новы эшалон палонных, Менгеле асабіста праводзіў селекцыю. Прама з чыгуначнай рампы ён паказваў наглядчыкам, хто адправіцца на працы, хто ў газавыя камеры, а хто ў медыцынскі блок. Сярод вязняў у Менгеле была мянушка Анёл смерці. А дзеці звалі яго Дзядзечкам. Лагерны ўрач спачатку заўсёды частаваў іх цукеркамі.

Асвенцім - адзін з найбуйнейшых нацысцкіх канцлагераў. Але не адзіны. Такія фабрыкі смерці дзейнічалі і на тэрыторыі нашай краіны. У Беларусі для масавага знішчэння людзей фашысты стварылі 260 лагераў. Сёння, праз дзесяцігоддзі, гэтыя 260 месцаў - такія ж сімвалы чалавечага болю, што засяроджаны ў ваенных бараках і каменных абелісках.